Читать «Бары-бэры» онлайн - страница 14

Уладзімір Някляеў

Што яна казала?..

- Дык хто выйграў?.. - спытаў Сяўко ва ўсіх, і ўсе ад яго адвярнуліся, хто куды. - Чыя кватэра?.. Чыя карціна?..

Не гледзячы на яго, яму азваўся Міцкевіч.

- Нічые. Усё ў гэтым свеце нічыё. Вы яшчэ не зразумелі?

- Фёкла, правядзі госця, - лёг на падушкі нябожчык. - Стаміўся я.

Стаміўся ён... Памёр і стаміўся.

Трэба йсці, калі выпраўляюць. Не чакаць жа, пакуль у каршэнь папруць. Вунь іх, мужыкоў, хоць і нябожчыкаў, чацвёра ды яшчэ гэтая баба худая. Яна нібыта й не за іх, але не надта й за яго...

Сяўко падняўся і на аслаблых нагах, якія да ўсяго, як яму падалося, скрывелі, бо чапляліся адна за адну, падаўся да дзвярэй, у якіх успомніў, што не ўзяў карціну. Не пакідаць жа, калі нічыя...

Ён вярнуўся. У пакоі, дзе толькі што яго дурылі рускія літаратары з польскім паэтам, стаяла канапа, на якой ляжаў Кашын. У ягоных нагах сядзеў на канапе Каржакевіч, на венскім крэсле ў галаве Кашына - Маслюк, а збоку на зэдліку - Зусман. Увесь аддзел маставікоў іх праектнага інстытута - і ўсе яны, павярнуўшыся ў адзін бок, глядзелі на Любу, якая наводзіла на іх вочка фотаапарата.

- Во якраз і Сяўко, - падняўся з зэдліка Зусман, якога тыя махляры, якія толькі што тут былі, невядома як, але вярнулі з Ізраіля. - Я каля Маслюка стану, а ты сядай на маё месца. Паміж Польшчай і Расіяй!

Гэта ён намякаў на тое, што Каржакевіч - паляк, а Маслюк - рускі. Знайшоў з кім прапанаваць сесці... Ведаў бы гэты Зусман, які заўсёды бліжэй да начальства месца выбіраў, таму і ў Ізраіль з’ехаў, побач з кім ён, Сяўко, толькі што сядзеў!

- Ну і што?.. - спытала Люба. - Гэтакі ўжо гонар побач з нейкімі старасвецкімі паэтамі пасядзець! Хто іх зараз чытае, усе тэлевізар глядзяць...

- і яна нацэліла фотаапарат. - Ты карціну адсунь, замінае.

Не, Люба не жанчына культуры, добра, што ён з ёй не ажаніўся. Яна карціну мастака І. А. Крамскога «М. А. Някрасаў у перыяд «Апошніх песень» ні за 130, ні за 85 рублёў не купіла б! Задушылася б яна за 130 рублёў, гэта табе не Алёна...

Не пытаючыся, скуль Люба пра ягоныя пасядзелкі са старасвецкімі паэтамі ведае (мусібыць, Зусман, які не толькі да начальства бліжэй ладзіцца, але і ў кожную шчылінку зазірнуць не праміне, прабалбатаўся), Сяўко пажадаў гаспадару папраўляцца, забраў карціну і рушыў з кватэры, якую Кашын прагуляў Някрасаву ў карты, але пасля, падобна, у нешта адгуляў. Толькі не ў карты, бо Кашын нават у дурня гуляць не ўмее. Хоць, калі паглядзець на ўсё з іншага боку, дык як сказаць...

У вітальні яго чакала Фёкла. «Я ж вам казала...» - пачала яна... і нечакана кінулася яму на шыю, пачала плакаць, цалаваць, шаптаць са слязьмі і пацалункамі, што ніколі не кахала Някрасава, гэтага махляра, нягодніка, п’янтоса і бабніка, а ўсё жыццё чакала яго, Сяўко, і за Някрасава яна пайшла, бо той напісаў вершы пра беларуса, з якім яе - пра што яна ведала, у яе сястра варажбіткай была! - звядзе некалі лёс, і вось яны нарэшце сустрэліся, але позна... «Позна!» - крыкнула, закаціўшы вочы, худая, змораная жанчына, якую прыняў Сяўко за сядзелку Кашына, а яна аказалася ці то жонкай, ці то ўдавой Някрасава, якога не кахала, чакала ўсё жыццё Сяўко, павісла на ягонай шыі - і раптам пачала вяла спаўзаць, бялець на вачах; Сяўко падумаў, што ў яе прыпадак, паклаў на падлогу, кінуўся на кухню па ваду, вярнуўся, схіліўся над гэтай дзіўнай жанчынай, прыпадняў яе, каб даць папіць, а яна не дыхае...