Читать «Бары-бэры» онлайн - страница 11

Уладзімір Някляеў

- Геніяльна! - усклікнуў Бялінскі. - Мука! Разлука! Магіла!.. - болей ён, падобна, не ведаў, што сказаць, а пакрыўджаны Міцкевіч пракінуў пагардліва, як палякі ўмеюць: “Вы б лепей оду вешальніку прачыталі!” Гэта не спадабалася ні Някрасаву, ні Бялінскаму, ні Дабралюбаву, які хоць і прамаўчаў, але паглядзеў на Міцкевіча як на чалавека, якога нельга запрашаць у кампанію, дзе нябожчыкі вершы чытаюць.

- Жулікі. - доўжыла сваё, нібы не чула ніякіх вершаў, Фёкла. Во кватэру гэтую выжулілі. І дзе тут карціну вешаць? - Ты скажы мне, Коля: мы тут, у правінцыі, жыць збіраемся?

Нябожчык задумаўся, нібы ўспамінаючы нешта, пасля прадэкламаваў:

- Мятеж прошёл, крамола ляжет, в Литве и Жмуди мир взойдёт... - і рукой махнуў. - Нідзе я не збіраюся жыць! Толькі паміраць. Так лепей, усе шкадуюць.

Сяўко ў яго ўперыўся.

- Вы выйгралі гэтую кватэру ў карты? У Кашына?

- Выйграў. А ў Кашына, не ў Кашына... Хто ён такі, каб помніць?

Гэта Сяўко спадабалася больш, чым вершы. А то гонару ў Кашыне шмат: маставік незаменны!

Ніхто не іншы, не інакшы. Усе аднолькавыя.

Усё залежыць ад таго, як карта пакладзецца. Да каго якая. А гэта ў залежнасці ад таго, на якім месцы сядзіш.

Сесці на месца Бялінскага - адна карта, на іншае - іншая.

Дастаткова дзве карты, каб вярнуць кватэру Кашыну - і хай сабе ён хоць памірае, хоць не! Калі ўгадаць, дзе сесці, дык Кашын будзе Сяўко паўкватэры вінен, а не Сяўко яму!

- Гуляем з умовай, - сказаў Сяўко нябожчыку. - Карціна супраць кватэры.

Ён перакананы быў, што ці нябожчык, ці нехта іншы з рускіх літаратараў пачне спрачацца, стане пярэчыць, але ніхто ні спрачацца, ні пярэчыць не стаў. Толькі Дабралюбаў здзівіўся:

- Навошта вам гэты катух? Вунь грошай колькі ў банку! Сапраўдных, яшчэ царскіх!

У кучы асігнацый царскія чырвонцы ды кацярынкі былі перамешаныя з беларускімі рублямі. Кашын, мусібыць, не толькі кватэру прайграў. Але гэта ўжо ягоная праблема.

Чамусьці не хацелася Сяўко на крэсла сядаць. Хоць месца гэтае было найлепшае. А вось не хацелася сядаць на яго - і ўсё.

- Можна я на ваш зэдлік сяду? - спытаў ён Дабралюбава. - А вы на маё крэсла.

- Крэсла маё! - падскочыў да яго Бялінскі. - Тое, што я прапанаваў вам на яго сесці, не азначае, што яно ваша! А тым больш Дабралюбава!

Выглядала на тое, што і гэтыя адзін аднаго не надта любяць, хоць абодва рускія.

І палякі адзін аднаго любяць не надта. Быў Сяўко ў Польшчы.

Нелюбові ў людзей няма толькі да тых, каго няма.

Вось не было беларусаў - іх любілі. А з’явіліся...

Для чаго з’явіліся беларусы?.. І Сяўко раптам падумаў, што беларусы з’явіліся, каб рускім і палякам было каго любіць.

Думка гэтая незвычайна яго ўразіла. Ён увогуле ніколі, калі не лічыць выпадка пры перапісе насельніцтва, пра сябе як пра беларуса не думаў. Не да галавы было. І вось падумаў. Прычым не пра сябе аднаго, а як бы пра сябе разам з усімі. Пра сябе як пра беларуса, прыналежнага да іншых беларусаў. Да таго ж Кашына...