Читать «Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)» онлайн - страница 30

Кир Булычев

...Першая прачнулася Ганна, хуценька памылася i пастукалася да мужчын.

- Лежабокi, - сказала яна, - праспiце штурм.

- Устаём, - адказаў Кiн. - Ужо ўсталi.

- Я пакуль збегаю да дзеда Генадзя, - удзячна ахвяравала сабой Ганна. Адцягну яго ўвагу. Але каб да майго прыходу князь Вячка быў на баявым канi.

А калi Ганна вярнулася з малаком, тварагом, свежым хлебам, гордая за сваё падзвiжнiцтва, у доме панавала расчараванне.

- Паглядзi, - сказаў Жуль. Шар быў уключаны i накiраваны на схiл. Там лянiва дагарала асадная вежа - сюррэалiстычнае збудаванне з вялiзных чорных галавешак. Ад катапульты засталася толькi лыжка, недарэчна ўткнутая ў траву дзяржаннем. Наўкола стаялi ордэнскiя ратнiкi. З моста цераз ручай на пажарышча глядзела ордэнская знаць, якая акружала епiскапа.

Ад варотаў крэпасцi да вежы рассцiлалiся чорныя шырокiя палосы. У ручаi - а гэта Ганна ўбачыла не адразу - ляжалi вялiзныя, у два чалавечыя росты, колы, абгарэлыя - хоць тут жа яна зразумела сваю памылку: каля вежы не магло быць такiх вялiкiх колаў.

- Яны ноччу ўсё гэта спалiлi! - сказала Ганна. - I правiльна зрабiлi. Чаго ж хвалявацца?

- Шкада, што не пабачылi.

Кiн хутка правёў шар унiз, да ручая. Ён праляцеў над каркасам вежы i спынiўся над галовамi рыцараў.

- Дзякуй за падарунак, - паволi сказаў епiскап Альберт. - Вы не маглi прыдумаць нiчога лепшага ў ноч майго прыезду.

- Я яшчэ летась раiў вам даць прытулак чарадзею, - сказаў ландмайстар, - калi ён з Смаленска збег.

- Мы пасылалi да яго ганца, - сказаў адзiн з наблiжаных да епiскапа. Ён не адказаў. Ён схаваўся тут.

- Ён аддаў перавагу служыць д'яблу, - задумлiва сказаў епiскап. - I неба нашай рукою пакарае яго.

- Сапраўды! - сказаў высокi хударлявы рыцар.

- Правiльна, - згадзiўся Фрыдрых фон Какентаўзен. - Але мы не ў храме, а на вайне. Нам патрэбны саюзнiкi, а не словы.

- Д'ябал нам не саюзнiк, - сказаў епiскап. - Не забывайцеся пра гэта, брат Фрыдрых. Нават калi ён магутны.

- Я памятаю, святы айцец.

- Горад павiнен быць жорстка пакараны, - сказаў епiскап гучна, так, каб яго чулi кнехты, якiя стоўпiлiся збоку. - У любы момант можа прыйсцi атрад з Полацка, а гэтага нам не трэба. У Смаленску таксама глядзяць з трывогай на наша ўзмацненне...

- Сюды iдуць лiтоўцы, - дадаў хударлявы рыцар.

- Калi крэпасць не здасца да захаду сонца, мы не пакiнем у ёй нiводнай жывой душы, - сказаў епiскап.

- I месiра Рамана?

- У першую чаргу. Толькi тыя веды могуць iснаваць, якiя апекаваны божай ласкай.

- Але калi ён умее здабываць золата?

- Мы знойдзем золата i без чарнакнiжнiкаў, - сказаў епiскап. - Брат Фрыдрых i брат Готфрыд, iдзiце следам за мною.

16

Усярэдзiне шацёр быў абстаўлены сцiпла. На ўтаптанай падлозе паверх рагожаў ляжаў дыван, стаялi складныя, без спiнак, ножкi крыж-накрыж, крэслы, на драўляным узвышэннi ляжалi згорнутыя на дзень скуры, высокi падсвечнiк з аплылым воскам паблiскваў меддзю каля высокага куфра, акаванага жалезнымi палосамi. На куфры ляжалi два пергаментныя скруткi.