Читать «Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)» онлайн - страница 28

Кир Булычев

- Я перадам, - сказаў русiнскi пасол. - Што яшчэ?

- Усё ў пiсьме.

Яцвяг круцiўся на сваiм канi, нiбы дражнiў рыцараў, але тыя стаялi нерухома, iгнаруючы лёгкага сярдзiтага коннiка.

Ганна зразумела, што чалавек у сiнiм плашчы - не князь горада. Iнакш каму ён перадасць грамату?

- Я чуў, што ты жывеш тут, - сказаў ландмайстар.

- Трэцi год.

- Мне шкада, што абставiны зрабiлi нас ворагамi.

- Разумнага ў вайне няма, - сказаў русiн.

- Мне не стае гутарак з вамi, мой сябра, - сказаў рыцар.

- Дзякуй, - адказаў русiн. - Гэта было даўно. Мне няма калi цяпер думаць пра гэта. Я павiнен абараняць горад. Князь - мой брат. Як рука?

- Дзякую, ты чарадзей, мой сябар.

Маленькi гурт людзей раздзялiўся - русiны павярнулi да варотаў, якiя расчынiлiся насустрач, немцы паскакалi ўнiз, да ручая.

14

Шар пераляцеў за крапасную сцяну, i Ганна ўпершыню ўбачыла горад Замошша з сярэдзiны.

За варотамi быў невялiкi запылены пляц. Платы i слепаватыя сцены шчыльна пабудаваных дамоў сцiскалi яго, i, ператвараючыся ў вузкую вулiцу, ён цягнуўся да белага мураванага сабора. На пляцы сабралася шмат народу, i ў першае iмгненне Ганна вырашыла, што людзi чакаюць паслоў, аднак на самай справе вяртанне коннiкаў прайшло незаўважана. Вартавыя яшчэ замыкалi вароты на вялiзарныя засаўкi, а яцвяг, махнуўшы нагайкаю, пагнаў каня наперад, да сабора, за iм у задуменнi рухаўся следам чалавек у сiнiм плашчы. Каля сцен дамоў i ў вузкiм прамежку мiж гарадскiм валам i будынкамi было ўцiснута часовае жытло бежанцаў, якiя хавалiся ў горадзе на час асады з суседнiх вёсак i пасадаў. Рагожкi - прымiтыўныя павецi - звiсалi з палак. Там поўзалi дзецi, варылася ежа, спалi, елi, гаманiлi людзi. I ад гэтага занадта лiшняга зборышча людзей вулiца, па якой ехалi конна паслы, здавалася даўжэйшай, чым на самай справе. Яна завяршалася другiм пляцам, аддаленым ад тыльнай сцяны крэпасцi вялiкiм двухпавярховым церамам, якi злучаўся з саборам галерэяй. Сабор не паспелi дабудаваць - побач у пыле i трыпутнiку валялiся белыя плiты, дальняя сцяна сабора была яшчэ ў рыштаваннях, а на купале, трымаючыся за вяроўку, барабанiў малатком страхар, прымацоўваючы свiнцовы лiст. I як бы яму анiякай справы не было да баёў, штурмаў, асад. Каля конавязi быў калодзеж, з якога два мужчыны цягалi ваду цэбрам i пералiвалi яе ў бочкi побач.

Паслы пакiнулi коней ля конавязi.

На высокiм ганку церама стаялi два яцвягi, драмаў пад павеццю хлапчук у шэрай, да каленяў, кашулi. Змяркалася, i доўгiя бэзавыя ценi засцiлалi амаль увесь пляц. Паслы хутка паднялiся па лесвiцы на высокi ганак i знiклi ў дзвярах церама. Шар праляцеў за iмi вузкiм калiдорам. Ганна паспела заўважыць, што ў цемнаце, якая зрэдку разрывалася мiгценнем лучыны або вячэрнiм святлом з адчыненых дзвярэй, перад залай, куды ўвайшлi паслы, сядзелi ў рад манахi ў высокiх кукелях, з белымi крыжамi, у чорных расах. Толькi твары жаўцелi ад лампады - над iмi была бажнiца са смуглымi аблiччамi вiзантыйскiх абразоў.