Читать «Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)» онлайн - страница 29

Кир Булычев

Рыжы прыгажун у белай кашулi, вышытай па каўняры чырвоным узорам, сядзеў за сталом, абапёршыся локцямi на старую вышчарбленую стальнiцу. У кутку, на лаве, звесiўшы кароткiя крывыя ногi, якiя не даставалi да падлогi, уладкаваўся блазан.

Яцвяг застаўся каля дзвярэй. Пасол прайшоў да стала i ледзь прыкметна пакланiўся князю.

- Чаго ён клiкаў? - спытаўся князь. - Што хацеў?

- Смуткуе, - усмiхнуўся пасол. - Просiць вернасцi. Ён кiнуў на стол епiскапаву грамату. Рыжы тузануў яе, адарваўшы тасьму, i грамата павольна разгарнулася. Блазан ускочыў з лавы, зачыкiльгаў да стала. Варушачы тоўстымi губамi, пачаў разбiраць тэкст. Рыжы зiрнуў на яго, падняўся з-за стала.

- Не аддам я iм горад, Раман, - сказаў ён. - Будзем трымацца, пакуль Мiндоўг з лiтвой падаспее.

- Ты не будзеш чытаць, Вячаслаў?

- Пайшлi на сцяну, - сказаў рыжы. - А ты, Акiплеша, скажаш баярынi, што, як вярнуся, вячэраць будзем.

- Яны Магду патрабуюць, - паведамiў блазан, прыцiснуўшы пальцам радок у грамаце.

- Ахвота iм, - адказаў рыжы i пайшоў да дзвярэй.

- Усё, сеанс закончаны, - сказаў Жуль.

- Як наконт кавы?

- Ну вось, - сказаў Кiн. - Мы i даведалiся, хто князь, а хто Раман.

- Князя звалi Вячаслаў? - спыталася Ганна.

- Ага, князь Вячка, сын полацкага князя Барыса Раманавiча. Ён раней княжыў у Кукейнасе. Кукейнас захапiлi рыцары. Пасля гiбелi горада ён пайшоў у лясы са сваiмi саюзнiкамi - яцвягамi i лiвамi. А зноў з'явiўся ў 1223 годзе, калi русiнскiя князi, адваяваўшы ў мечаносцаў, далi яму горад Юр'еў. Да Юр'ева падступiла ўсё ордэнскае войска. Вячка супрацiўляўся некалькi месяцаў. Потым горад здаўся i князя забiлi.

- I вы думаеце, што гэта той самы Вячка?

- Ага. Усё сведчыць на карысць такой здагадкi. На гэтым пагорку было неўмацаванае паселiшча. Толькi ў пачатку XIII стагоддзя яго абнеслi сцяною i пабудавалi мураваны сабор. А ў 1215 годзе горад гiне. Iснаваў ён так нядоўга, што нават у летапiсах пра яго амаль няма звестак. Навошта яго ўмацавалi? Вiдавочна, са стратаю крэпасцей на Дзвiне полацкаму князю патрэбны былi новыя пагранiчныя фарпосты. I ён пасылае сюды Вячку. Рыцары яго ведаюць. Ён iх даўнi вораг. I яго новая крэпасць становiцца цэнтрам супрацiўлення ордэну...

Шар узняўся над вячэрнiм горадам. Былi вiдаць вогнiшчы на вулiцы - iх палiлi бежанцы. Водблiскi вогнiшчаў падалi чырвонымi блiкамi на месiва людзей, якiя збiлiся ў кучу каля ахоўнай сцяны.

Напаследак шар падняўся яшчэ вышэй.

Чорным сiлуэтам вiднелася на схiле асадная вежа. Пагойдвалiся факелы там устанаўлiвалi катапульту. Белыя, асветленыя знутры шатры мечаносцаў на тым беразе ручая здавалiся прывiдамi - 12 лiпеня 1215 года канчалася. Цяпер Ганна ведала, што горадам Замошша правiць адважны i непрымiрымы князь Вячка. I ёсць у яго баярын Раманаў, чалавек з сур'ёзным вузкагубым капрызным тварам - чарадзей i алхiмiк, якi праз суткi загiне i апрытомнее ў далёкай будучынi.

15

Усё здарылася без сведкаў з будучынi, ноччу, калi Кiн, Ганна, Жуль, а галоўнае, пан епiскап Альберт i ландмайстар Фрыдрых спакойна спалi. I гэта было вельмi крыўдна, таму што час, калi ўжо ты трапiў у цячэнне вiтка, незваротны. I нiхто нiколi не ўбачыць зноў, якiм жа чынам гэта адбылося.