Читать «Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)» онлайн - страница 31

Кир Булычев

Епiскап падаў знак рыцарам сядаць. Фрыдрых фон Какентаўзен адшпiлiў пояс з мячом i паклаў яго на падлогу ля ног. Брат Готфрыд заставiў меч мiж ног i абапёрся рукамi ў пальчатках на яго дзяржальна. Аднекуль выслiзнуў слуга ў чорнай сутане. Ён вынес арабскi збан i тры сярэбраныя чаркi. Брат Готфрыд прыняў чарку, епiскап i Фрыдрых адмовiлiся.

- Ты кажаш, брат Фрыдрых, - вымавiў епiскап, - што месiр Раман на самай справе дасведчаны ў сакрэтах магii?

- Я ўпэўнены ў гэтым.

- Калi мы не заб'ём яго заўтра, - сказаў брат Готфрыд, - то ён з дапамогаю д'ябла можа прыдумаць нам пагiбель.

- Я памятаю галоўнае, - сказаў Фрыдрых. - Я заўсёды памятаю пра дабро ордэна. А месiр Раман блiзкi да адкрыцця тайны золата.

- Золата д'ябла, - запярэчыў Готфрыд фон Гольм.

- Месiр Раман любiць уладу i славу, - заўважыў Фрыдрых. - Што можа даць яму князь Вест?

- Чаго ён апынуўся тут? - спытаўся епiскап.

- Ён далёкi родзiч князя, - сказаў Фрыдрых. - Ён быў народжаны ад наложнiцы князя Барыса Полацкага.

- I хацеў бы стаць князем?

- Не тут, - усмiхнуўся брат Фрыдрых. - Не ў гэтай вёсцы.

- Добра, што ён спалiў вежу, - сказала Ганна. - Iнакш бы яны не сталi размаўляць.

- Што здарылася ў Смаленску? - спытаўся епiскап, перабiраючы ў моцных пальцах бурштынавы ружанец з вялiкiм залатым крыжам.

- Тутэйшы ўладыка - вiзантыец. Чалавек недалёкi. Ён вырашыў, што ўменне месiра Рамана ад д'ябла. I падняў чэрнь...

- Ну проста як нашы браты, - усмiхнуўся нечакана Альберт. Паглядзеў на Готфрыда. Але той не заўважыў iронii. - I чараўнiка прыгрэў князь Вест?

- Ён жыве тут ужо трэцi год. Ён затаiўся. Ён напалоханы. Яму няма куды iсцi. У Кiеве яго чакае такi самы лёс, што i ў Смаленску. На Захадзе ён выклiкаў небяспечную жадобу караля Пiлiпа i гнеў святой царквы. Я думаю, што ён многае паспеў зрабiць. Пра гэта сведчыць гiбель нашай вежы.

- Сапраўды часам зацямняецца розум уладных людзей, - сказаў епiскап. Сiла наша ў тым, што мы можам накiраваць на дабро аблуду чарадзея, калi мы цвёрдыя ў сваёй веры.

- Я мяркую, што праўда на вашым баку, - даў згоду брат Фрыдрых.

- Беражы нас, божа, - сказаў цiха брат Готфрыд. - Д'ябал усюдыiсны. Я сваiмi рукамi адкруцiў бы галаву чарадзею.

- Не нам яго баяцца, - вымавiў епiскап. Не ўстаючы з крэсла, ён выцягнуў руку i ўзяў з куфра жаўтаваты аркуш, якi ляжаў пад скруткамi. Паглядзiце, гэта прыслалi мне з Замошша тыдзень назад. Што вы скажаце, брат Фрыдрых?

Рыцар Готфрыд перахрысцiўся, калi епiскап падаў аркуш Фрыдрыху.

- Гэта напiсана не ад рукi, - сказаў Фрыдрых. - I ў гэтым няма чарадзейства.

- Вы ўпэўненыя?

- Месiр Раман выразае лiтары на дрэве, а потым прыкладае да дошкi лiст. Гэта падобна на пячатку. Адной пячаткаю вы можаце замацаваць сто грамат.

- Вялiкая справа, калi скiравана ў iмя царквы, - сказаў епiскап. Божае слова можа пашырацца танна. Але якая пагроза ў лапах д'ябла!

- Гэтак, - згадзiўся брат Фрыдрых. - Раман патрэбны нам.

- Я ж паўтараю, - сказаў брат Готфрыд, устаючы, - што ён павiнен быць знiшчаны разам з усiмi ў гэтым горадзе.