Читать «Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)» онлайн - страница 32

Кир Булычев

Яго суразмоўцы нiчога не адказалi, епiскап заплюшчыў вочы.

- На ўсё воля божая, - сказаў ён урэшце.

Абодва рыцары ўсталi i накiравалiся да выхаду з шатра.

- Дарэчы, - кiнуў наўздагон епiскап, - чым можа для вас стацца гiсторыя з польскай князёўнай?

- Спытайцеся ў брата Готфрыда, - сказаў Фрыдрых фон Какентаўзен. - Гэта здарылася непадалёку ад замка Гольм, а леты, якiя напалi на ахову князёўны, па чутках, выконвалi яго загад.

- Гэта толькi чуткi, - сказаў Готфрыд. - Толькi чуткi. Цяпер жа князёўна i яе цётка пакутуюць у палоне князя Веста. Калi мы вызвалiм iх, то атрымаем за гэта выкуп ад князя Смаленскага.

- Вы таксама так думаеце, брат Фрыдрых? - спытаўся епiскап.

- Нi ў якiм разе, - адказаў Фрыдрых. - Не сакрэт, што князь Вячка адбiў князёўну ў летаў. Нам не патрэбны выкуп.

- Я згодны з вамi, - сказаў епiскап. - Паклапацiцеся пра дзяўчыну. Як толькi яна трапiць да нас, мы тут жа адправiм яе пад аховаю ў Смаленск. Як выратавальнiкi. I нiякiх выкупаў.

- Мае людзi рызыкавалi, - сказаў Готфрыд.

- Мы i так не сумнявалiся, што гэта вашых рук справа, брат мой. Некаторыя ордэнскiя рыцары мяркуюць, што яны ўсемагутныя. I гэта памылка. Вы хочаце, каб праз месяц смаленская раць стаяла пад сценамi Рыгi?

17

- Разумеецца, Жуль, - сказаў Кiн, - пачынай рыхтаваць апаратуру да пераходу. I паведамi дамоў, што мы гатовыя. Аб'ект апазнаны.

Кiн дастаў з апарата шарык i пайшоў да дзвярэй.

- Я з вамi? - сказала Ганна, пра якую ўсе забылiся.

- Як вы сабе хочаце, - адказаў Кiн абыякава. Ён хутка выйшаў у вялiкi пакой. Там было занадта светла. Мухi кружылiся над вазачкай з цукеркамi. У адчыненае акно ўлiваўся вецярок, матляючы фiранку. Ганна падышла да акна i выглянула, амаль гатовая да таго, каб убачыць каля ручая шатры мечаносцаў. Аднак там гулялi ў футбол хлапчукi, а далёка на ўскрайку лесу, адкуль учора выйшаў злашчасны статак, лапатаў маленькi трактар.

- Гэта партрэт епiскапа? - спыталася Ганна, гледзячы, як Кiнавы пальцы ператвараюць шарык у пласцiнку. - Не, памятаеце жоўты аркуш паперы, што паказваў рыцарам епiскап? Гэта першы ў Эўропе друкарскi адбiтак. - Ён нахiлiўся над сталом, чытаючы тэкст.

- Чытайце ўголас, - папрасiла Ганна.

- Варварская латынь, - сказаў Кiн. - Алхiмiчны тэкст. Бяспечна ёй было б надрукаваць што-небудзь рэлiгiйнае. Навошта дражнiць сабак?.. "Каб зрабiць элiксiр мудрацоў, вазьмi, мой брат, фiласафiчнай ртуцi i падагравай, пакуль яна не ператворыцца ў зялёнага льва... пасля гэтага разагравай мацней, i яна стане львом чырвоным..."

Трактар спынiўся, з яго выскачыў трактарыст i пачаў корпацца ў рухавiку. Нiзка праляцеў маленькi самалёцiк По-2...

- "Кiпяцi чырвонага льва на раскаленым пяску ў кiслым вiнаградным спiрце, выпары вадаасць, i ртуць ператворыцца ў камедзь, якую можна рэзаць нажом. Пакладзi гэта ў замазаную глiнай рэторту i ачысцi... "

- Зноў ртуць - мацi металаў? - спыталася Ганна.

- Не, - сказаў Кiн, - гэта другое. "...Кiмварыйскiя ценi акрыюць рэторту цёмным пакрывалам, i ты знойдзеш унутры яе сапраўднага дракона, якi пажырае свой хвост..." Не, гэта не ртуць, - паўтарыў Кiн. - Хутчэй гэта аб ператварэннях свiнцу. Зялёны леў - вокiс свiнцу, чырвоны леў - сурык... камедзь - воцатна-свiнцовая соль... Так, здаецца, так...