Читать «Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)» онлайн - страница 16

Кир Булычев

Ганна ўбачыла неглыбокую лагчыну, што агiнала пагорак. Настолькi неглыбокую, што калi б Ганна не шукала слядоў горада, то i не здагадалася б, што гэта рэшткi рова. Ганна знайшла ў рове падраны валёнак i бляшанку з-пад кансерваў, ледзь вывернулася ад асы i вырашыла iсцi ў цень, на моглiцы, таму што праз паўгадзiны з гэтага пекла павiнна была распачацца навальнiца.

У рэдкай заценi крайнiх дрэваў было трошкi халадней, чым у полi. Варта было Ганне спынiцца, як з кустоў вылецелi полчышчы камарыных камiкадзэ. У кустах зашапацела.

- Гэта вы, Кiн?

Кiн выйшаў з гушчару. На грудзях у яго вiсела фотакамера, недарагая, сучасная.

- Ах, якiя вы асцярожныя! - сказала Ганна, гледзячы на камеру.

- Стараемся. Прачыталi дакументы?

- Не ўсе. А хто такi Гермiй Тройчы Найвялiкшы?

- Апякун алхiмii. Гэтая справаздача пра дослед - лiпа. Яе напiсаў наш Раман.

- А што там цiкавае?

- Пра такi метад выдзялення ртуцi тады яшчэ не ведалi. Ён апiсвае даволi складаную хiмiчную рэакцыю.

Наляцеў вецер. Навальнiца папярэджвала пра сваё наблiжэнне.

- З чаго пачнём? - спыталася Ганна.

- Паглядзiм на горад. Проста паглядзiм.

- Вы ведаеце Рамана ў твар?

- Не, вядома. Але ён ствараў машыны i рабiў порах. Кiн зазiрнуў у змрок царквы. А Ганна ўвайшла за iм. У купале была дзiрка, i праз яе Ганна ўбачыла пасму лiловай хмары. У царкве пахла скляпеннем, на сценах захавалiся фрэскi. Святыя старцы абыякава глядзелi на людзей. Нiжэй каленяў фрэскi былi выцертыя. Здавалася, што старцы стаяць у воблаках.

Першыя кроплi забарабанiлi па даху. Яны падалi праз адтулiну ў купале i выбiвалi на падлозе фантанчыкi пылу. Ганна выглянула на двор. Лiсце i каменне здавалiся ненатуральна светлымi.

- Справа, дзе расце дуб-спарыш, былi княскiя харомы. Ад iх нiчога не захавалася, - сказаў Кiн.

Дождж палiў спорна, нават сярдзiта. Ён быццам злаваўся, што людзi не траплялiся яму ў чыстым полi.

- Гэта былi незвычайныя княствы, - сказаў Кiн. - Фарпосты Русi, якiя ўпраўлялi дэмаграфiчнымi лiшкамi княскiх сем'яў. Народ быў тут у большасцi не русiнскi. Вось i даводзiлася лавiраваць, шукаць саюзнiкаў, пазбягаць ворагаў. I галоўнага ворага - нямецкага ордэна мечаносцаў. Iх цэнтр быў у Рызе, а замкi - па ўсёй Прыбалтыцы.

З хмызняку выйшла Клеапатра i ўпэўнена накiравалася да царквы, вiдаць, спадзявалася схавацца. Убачыўшы людзей, яна панурылася.

- Давайце адыдзем, - сказала Ганна. - У нас цэлая царква на дваiх.

- Правiльна, - пагадзiўся Кiн. - Яна здагадаецца? Кабыла здагадалася. Кiн i Ганна селi на камень у дальнiм кутку, а Клепа ветлiва спынiлася каля ўвахода, здрыгваючыся ўсёй сваёй скурай, каб абтрэсцi ваду. Пасярод царквы, куды цяпер лiўся з дзiравага купала нешырокi вадаспад, цёмная пляма вады ператварылася ў лужыну, якая, як чарнiльная пляма, выпускала шчупальцы. Адзiн ручаёк дабраўся да Ганнiных ног.