Читать «Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)» онлайн - страница 18

Кир Булычев

"А па якiх?" - хацела спытацца Ганна. Але змаўчала. Верагодна, ён не адкажа. I правiльна зробiць.

- Гэта толькi сухiя звесткi. Зразумела, у перакладзе на вашу мову...

- Па-мойму, вы размаўляеце на мове дваццатага стагоддзя. А... рознiца вялiкая?

- Не, не настолькi, каб зусiм не зразумець. Аднак шмат новых слоў. Ды мова больш лаканiчная. Мы жывём хутчэй. Але калi трапляем у мiнулае, мы мову сваю забываем. Так зручней. Хочаце пачуць пра генiяў, якiх няма?

- Хачу.

Кiн коратка ўздыхнуў i загаварыў, гледзячы сабе пад ногi. Голас яго змянiўся, стаў сушэйшы. Кiн чытаў тэкст, не бачны яго слухачцы. Дождж iмжэў у такт яго голасу.

- "Справа 12-а-56. Маўн Маўн Ко. Нарадзiўся 18 траўня 1889 года ў вёсцы Швезандаўн на поўнач ад горада Пегу ў Бiрме. У шасцiгадовым узросце быў прыняты ў манастырскую школу, дзе дзiвiў манахаў сваiм уменнем завучваць главы з Цiлiтакi. Ужо да дзесяцi гадоў ведаў на памяць увесь канон Хiнаяны, i яго як дзiця, адзначанага Кармой, вазiлi ў Мандалай, дзе з iм гутарыў сам татанабайн i падарыў яму парасон i гаршчок на мiласцiну. У Мандалаi ён натрапiў на кнiгу аб хрысцiянстве, i шляхам параўнання рэлiгiйных сiстэм i на аснове размоваў з вучонымi-мусульманамi хлопчык стварыў фiласофскую сiстэму, у якой выкарыстаў першаасновы дыялектыкi, блiзкай да гегелеўскай. Быў пакараны зняволеннем у келлi. У 1901 годзе ўцёк з манастыра i дабраўся да Рангуна, спадзеючыся пераканаць у сваёй невiнаватасцi ангельскага бiскупа Эндру Джонсана. Да бiскупа хлопчыка не пусцiлi, але некалькi дзён ён пражыў у доме мiсiянера Г.Стоўнуэла, якi быў уражаны тым, што бiрманскi абарванец на вулiцы чытае на памяць Евангелле на ангельскай мове. Мiсiянер паказваў хлопчыка сваiм сябрам i пакiнуў у дзённiку запiс пра тое, што Маўн Маўн Ко свабодна валодае некалькiмi мовамi. Спробы Маўн Маўн Ко давесцi мiсiянеру сваю тэорыю не мелi поспеху, таму што мiсiянер вырашыў, што хлопчык пераказвае крамольную кнiжку. На чацверты дзень, нягледзячы на тое, што хлопчыка ў доме мiсiянера кармiлi, Маўн Маўн Ко ўцёк. Яго труп з прыкметамi моцнага знясiлення, з колатымi ранамi на грудзях быў знойдзены партовым палiцэйскiм А.Банерджы 6 студзеня 1902 каля склада № 16. Прычына смерцi невядомая".

Кiн змоўк. Быццам яго выключылi. Потым паглядзеў на Ганну. Дождж яшчэ церушыў. Кабыла стаяла каля дзвярэй.

- Тут мы былi ўпэўненыя, - сказаў Кiн. - Аднак спазнiлiся.

- Чаму ж нiхто яго не зразумеў?

- Дзiўна яшчэ, як ён дабраўся да таго мiсiянера, - сказаў Кiн. Пачытаць яшчэ?

- Калi ласка.

- "Справа 23-ов-76. Касабурд Мордка Лейбавiч. Нарадзiўся 23 кастрычнiка 1900 года ў г. Лiпавец Кiеўскай губернi. Навучыўся размаўляць i спяваць у 8 месяцаў. 4 студзеня 1904 года цётка Шэйна падарыла яму скрыпку, якая засталася ад мужа. На той час у памяцi дзiцяцi жылi ўсе мелодыi, пачутыя дома i ў Кiеве, куды яго два разы вазiлi бацькi. Аднаго разу хлопчык даваў канцэрт у доме маршалка дваранства камер-юнкера Паўла Мiхайлавiча Гудзiм-Ляўковiча. Пасля гэтага канцэрта, на якiм Мордка выконваў, у прыватнасцi, свой твор, павятовы лекар д-р Калядка падарыў хлопчыку тры рублi. Улетку 1905 года аптэкар С.Я.Сайферцiс, спiсаўшыся са знаёмымi ў Пецярбурзе, прадаў сваё прадпрыемства, бо, з яго слоў, бог спадобiў яго ўбачыць дзiва i даручыў клапацiцца аб iм. На вакзал праводзiлi ўсе суседзi. Скрыпку нёс Сайферцiс, а хлопчык - баул з цацкамi, прысмакамi ў дарогу i нотнай паперай, на якой сам запiсаў першую частку канцэрта для скрыпкi. На рагу Вiннiцкай i Мiкалаеўскай вулiц праважатыя сустрэлiся з шэсцем сябраў саюза Мiхаiла Архангела. Адбылася ненаўмысная сутычка, праважатыя спалохалiся за хлопчыка i хацелi яго схаваць. Цётцы Шэйне ўдалося занесцi яго ў суседнi двор, але ён вырваўся i з крыкам: "Мая скрыпка!" выбег на вулiцу. Хлопчык быў забiты ўдарам бота былога падаткавага iнспектара Нiкiфара Быкава. Смерць была iмгненная". Яшчэ? - спытаў Кiн.