Читать «Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)» онлайн - страница 14

Кир Булычев

- Што гэта? - спытала Ганна.

- Нейкiя дакументы. Вы нiчога ў iх не зразумееце.

- Навошта тады яны мне?

- Чым чорт не жартуе. Калi вы ўжо застаяцеся... Ганна ледзь не прызналася, што вырашыла ўжо ехаць.

Але знячэўку яе позiрк сустрэўся са злымi вачыма гусара.

Жуль не таiў сваёй непрыязнасцi.

- Дзякуй, - сказала Ганна абыякава. - Я пачытаю.

7

Госцi корпалiся ў сваiх жалязяках. Было душна. Насоўвалася навальнiца. Ганна села на канапу, падкурчыўшы ногi. Жоўтыя лiсточкi былi невялiкiя, тэкст надрукаваны ўборыста, выразна, крыху выпуклымi лiтарамi.

Спачатку была назва на латынi.

Веrtholdi Chronicon Lyvoniae, рag. 29,

Мonumenta Lyvoniae antiquae, VIII, Rigае, 1292.

...Рыцар Фрыдрых i пробашч Iаган выказалi меркаванне: трэба, сказалi яны, зрабiць наступленне i, узяўшы горад Замош, люта пакараць жыхароў для прыкладу iншым. Раней пры ўзяццi крэпасцяў даравалi грамадзянам жыццё i свабоду, i таму ў астатнiх няма належнага страху. Парашым жа: хто з нашых першы ўзыдзе на сцяну, таму дамо найлепшых коней i знатнага палоннiка. Вераломнага князя, ворага хрысцiянскай царквы, мы ўзнясём вышэй за ўсiх на самым высокiм дрэве. I пакараем люта яго слугу, з пекла родам, спарадзiцеля агню.

I русы выкацiлi з варотаў распаленыя колы, якiя раскiдвалi па баках пякельны агонь, каб падпалiць асадную вежу. Мiж тым ландмайстар Готфрыд фон Гольм, несучы сцяг у руцэ, першы ўзышоў на вал, а за iм следаваў Вiльгельм Оге, i, убачыўшы гэта, астатнiя ратнiкi i браты спяшалiся ўзысцi на сцяну першымi, адны дапамагалi падымацца адзiн аднаму, а другiя бiлiся каля варотаў...

Побач з гэтым тэкстам Ганна прачытала неахайную, наўскасяк ад рукi прыпiску: "Пераклад з першай публiкацыi. Рукапiс Бертольда Рыжскага знойдзены ва ўрыўках, у канвалюце XIV ст. у Мадрыдскай бiб-цы. Запiс адн. да лета 1215. Горскi памылкова iдэнтыфiцыраваў Замошша з Iзборскам. Гл. В. I. 12.1990, стар.36. Несумненна, адзiны ўпамiн пра Замошша ў ордэнскiх крынiцах. Генрых Латв. маўчыць. Пскоўскi летапiсец, пад 1215 г. падае скупа: "Того же лета убиша многих немцы в Литве и Замошье, а город взяша". Тацiшчаў, за iм Салаўёў палiчылi Замошша лiтоўскай воласцю. Янiн выказаў сумненне ў 80-х гг. ".

На другiм лiстку было штосьцi незразумелае:

ДАРОГА ДАРОГ

Аb majorem Dei gloriam. У iмя Гермiя Тройчы Найвялiкшага. Калi хочаш дабываць Меркурый з Месяца, зрабi перадусiм насычаную ваду з купарвасу i салетры, узяўшы iх пароўну, сальвiруй Месяц звычайным спосабам, дай асесцi ў звычайнай вадзе, вымый вапну ў чыстых водах, высушы, апусцi ў сасуд пласкадонны, пастаў у печ кальцынiравацца пры ўмеранай тэмпературы, якая патрэбна для Сатурна, каб расплавiцца, i праз тры тыднi Месяц узыдзе, i Меркурый будзе разлучаны з Зямлёю.

Тым жа беглым почыркам збоку было напiсана: "За паўстагоддзя да Альберта i Бэкана". Што ж зрабiлi праз паўвека Альберт i Бэкан, Ганне заставалася невядома.

Дарэмна яна марнуе час. Ганна наўгад выцягнула з пачка трэцi лiсток.