Читать «Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)» онлайн - страница 15

Кир Булычев

СА СПРАВАЗДАЧЫ ЗАХОДНЕДЗВIНСКАГА АТРАДА

Гарадзiшча пад назваю Замошша размешчана за 0,4 км на паўночны захад ад вёскi Палудзёнкi (Мёрскi р-н) на высокiм i крутым (да 20 м) пагорку на левым беразе р.Вятла (левы прыток Заходняй Дзвiны). Пляцоўка ў плане няправiльнай авальнай формы, арыентавана па лiнii поўнач - поўдзень з невялiкiм адхiленнем на ўсход. Даўжыня пляцоўкi 136 м, шырыня ў паўночнай палавiне 90 м, у паўднёвай - 85 м. Раскопам у 340 кв.м. ускрыты культурны пласт чорнага, цёмна-шэрага колеру магутнасцю 3,2 м блiжэй да цэнтра i 0,3 м каля краёў. Насычанасць культурнага слою знаходкамi даволi значная. Знойдзена шмат фрагментаў лепных сасудаў: каля 90% слабапрафiлiраваных i банкавых формаў, характэрных днепрадзвiнскай культуры, i штрыхавая керамiка (каля 10%), а таксама некалькi абломкаў керамiкi XII ст. Папярэдне выяўлены тры нiжнiя гарызонты: раннi этап днепрадзвiнскай культуры, познi этап той жа культуры i гарызонт трэцяй чвэрцi 1 тысячагоддзя нашай эры (культура тыпу верхняга пласту банцэраўскага гарадзiшча).

У канцы XII - пачатку XIII ст. тут быў збудаваны храм i шэраг жыллёвых будынкаў, якiя былi знiшчаны ў вынiку пажару. Даследаваннi фундамента храма, на якiм была пабудавана ў XVIII ст. каплiца, будуць прадоўжаны ў наступным сезоне. Раскопкi ўскладняюцца ў вынiку парушэнняў верхнiх пластоў могiлкамi XVI-XVIII стст.

(Археалагiчныя адкрыццi 1986 г. стар. 221)

Справаздача была зразумелая. Капалi - гэта значыць будуць капаць - на пагорку. Ганна склала лiсткi на стол. Ёй захацелася зноў падняцца на пагорак. У сенцах быў адзiн Жуль.

- Хочаце паглядзець на машыну часу? - спытаўся ён.

- Вы на ёй прыехалi?

- Не, устаноўка патрэбна толькi на ўводзе. Яна б тут не змясцiлася.

Жуль правёў Ганну ў халодны пакой. Побач з ложкам стаяла металiчная скрынка. Над ёю вiсеў чорны шар. Яшчэ там былi два пульты. Адзiн з iх стаяў на крэсле, другi - на ложку. У кутку - тонкая высокая рама.

- I гэта ўсё? - спыталася Ганна.

- Амаль што. - Жуль быў задаволены эфектам. - Вам хочацца, каб устаноўка была на што-небудзь падобная? Людзi не вынаходлiвыя. Ва ўсiх дэманах i ведзьмах угадваецца той самы чалавек. А вось кенгуру эўрапейская фантазiя прыдумаць не змагла.

- А спаць вы тут будзеце? - спыталася Ганна.

- А як жа, - адказаў нявiнна Жуль. - Каб вы толькi не забралiся сюды ноччу ды не адправiлiся ў мiнулае або будучыню. А то шукай вас потым у татарскiм гарэме.

- Прыйдзецца шукаць, - сказала Ганна. - Горш будзе, калi я заб'ю свайго прадзеда.

- Банальны парадокс, - сказаў Жуль, - вiткi часу такiя вялiкiя, што эфект нiвелiруецца.

- А дзе Кiн?

- На пагорку.

- I не баiцца дзеда?

- Больш яны не сустрэнуцца.

- Я таксама пайду пагляджу. Заадно спытаюся пра сёе-тое.

Ганна iшла па сцежцы, iмкнучыся зразумець, дзе стаяла крапасная сцяна. Вяршыня пагорка амаль пляскатая, да лесу i ручая iдуць пакатыя схiлы, толькi над ракою бераг абрываецца крута. Значыць, сцяна пройдзе па абрыве па-над ракою, а потым прыкладна на той жа вышынi вакол пагорка.

Яшчэ ўчора горад быў абстракцыяй, патанулай у безданi часу. А цяпер? Калi я, разважала Ганна, даўно памерла для Кiна i Жуля, ды ўсё ж такi яшчэ жывая, нават крыху ўспацела ад лiпкай пераднавальнiчнай спякоты, то, значыць, i генiяльны Раман таксама цяпер жыве. Ён памрэ праз два днi, але пра гэта пакуль што не здагадваецца.