Читать «Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)» онлайн - страница 13

Кир Булычев

- Пераканаўча, - сказала Ганна, накiроўваючыся да веснiчак. - А навошта вам гэта галаграфiя! Дзеда на гэтым не правядзеш.

Жуль адчынiў дзверцы i залез у кабiну.

- Дык гэта не галаграфiя? - тупа спыталася Ганна.

- I не гiпноз, - сказаў Жуль.

Пра нешта ўспомнiўшы, ён высунуўся з машыны, правёў рукой уздоўж кузава. Узнiклi белыя лiтары: "Экспедыцыйная".

- Вось так, - сказаў Жуль i выняў з кiшэнi ключы. Завёў рухавiк. Машына завуркатала i заглушылася.

- А, каб цябе, - прамармытаў шафёр. - Прыйдзецца папiхаць.

- Я вам не памочнiца, - сказала Ганна. - У вас колы да зямлi не датыкаюцца.

- А я што казаў, - пагадзiўся Жуль. Машына крыху асела, загайдалася i на гэты раз завялася. Набiраючы хуткасць, "газiк" пакацiўся па зялёным схiле ўнiз, да броду.

Ганна выйшла за плот. На зямлi былi вiдаць рубчатыя сляды шын.

- Напэўна, яны з будучынi, - сказала Ганна сама сабе. - Пайду згатую абед.

Псеўдарэстаўратары вярнулiся толькi праз гадзiну. Пехатою прыйшлi з рэчкi. Ганна ўжо наварыла лапшы з кансервамi.

Яна пачула iх галасы ў сенцах. Праз хвiлiну Кiн заглянуў на кухню, пацягнуў носам i сказаў:

- Добра, што здагадалася. Я смяртэльна прагаладаўся.

- Дарэчы, - сказала Ганна, - маiх прадуктаў надоўга не хопiць. Або прывозьце з будучынi, або здабывайце дзе хочаце.

- Жуль, - сказаў Кiн, - зрабi ласку, прынясi сюды прадукты.

З'явiўся Жуль, узвалiў на стол вялiзную сумку.

- Мы iх купiлi на станцыi, - сказаў Кiн. - Дзед думае, што мы паехалi.

- А калi ён прыйдзе да мяне ў госцi?

- Будзем гатовы i да гэтага. На жаль, яго надта ўразiла эрудыцыя рэстаўратара Васiльева.

- Там сам вiнаваты, - сказаў Жуль.

- Нiчога. Калi Аня пойдзе, яна замкне хату знадворку. I нiхто не здагадаецца, што мы тут засталiся.

- Не пайду, - сказала Ганна. - Жуль, вымый талеркi, яны на палiчцы. Я магу вас шантажыраваць.

- Вы на гэта не здольныя, - сказаў Кiн няўпэўнена.

- Кожны чалавек здольны. Калi спакуса вялiкая. Вы мяне прывабiлi прыгодамi. Можа, пра гэта я марыла ўсё жыццё. Калi вам трэба параiцца са старэйшымi таварышамi, калi ласка. Вы i так мне залiшне расказалi.

- Гэта неверагодна, - абурыўся Кiн.

- Вы дрэнны псiхолаг.

- Я папярэджваў, - сказаў Жуль.

Абедалi панура. Усе трое сумна жавалi лапшу, запiвалi малаком i не падымалi вачэй, нiбыта перасварылiся мiж сабою спадчыннiкi ў доме багатай бабкi.

Ганна пакутавала ў пакаяннi. Яна разумела, што сапраўды вядзе сябе недарэчна. Сама ж не церпiць, калi недасведчаныя людзi сунуць нос у тваю работу, i калi ў табе ёсць хоць кропля высакароднасцi, ты цяпер жа ўстанеш i выйдзеш.... Зрэшты, не, не цяпер. Крыху пазней, у гадзiн шэсць, блiжэй да цягнiка. Трэба цiхенька выслiзнуць з хаты, не прызнаючы адкрыта сваё паражэнне... I ўсё жыццё пакутаваць, што адказалася ад унiкальнага шанцу?

Кiн адклаў лыжку, моўчкi падняўся з-за стала, выйшаў у сенцы, штосьцi там скiнуў. Жуль зморшчыўся. Наступiла цiшыня.

Кiн вярнуўся са стосам жаўтаватых лiсткоў паперы. Паклаў iх на стол каля Ганны. Потым узяў талерку i пайшоў на кухню па другую порцыю лапшы.