Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 51
Віктар Карамазаў
- У кожнага чалавека сваё духоўнае гняздо. Ёсць яно і ў цябе. Ты ў чужыя гнёзды заглядай, а сваё пільнуй.
Ён якраз чытаў Славацкага, яго "Лісты", прывезеныя з Вільні, якія той пісаў да маці з Парыжа, Фларэнцыі, Жэневы. Дзівіўся, як пісьменнік, захоплены культурай Еўропы, у той самы час не бачыў роднае, сваё, лічыў ніжэйшым за чужое, і якая сугучная з ім думка маці, каб пільнавацца свайго, захапляючыся чужым. Ад дзвюх крыніц, матчынай мудрасці і лістоў Славацкага, атрымаў гэтакае натхненне да працы, што рашуча падышоў да свайго "Крэва" і не адышоў, пакуль цалкам не перапісаў, уклаўшы ў вобраз усё, што перадумаў ды пераадчуў з ім на мальберце не толькі ў Крэве ды Багданаве, але і ў Пецярбурзе, нават і ў размове з Гэленаю пра камяні драгунскіх казармаў за акном майстэрні.
У тыя дні і сшытак пад рукой трымаў:
"Дзённік мой! Каб ты ведаў, як найперш за ўсё я прагну быць добрым сынам сваёй Бацькаўшчыны, для яе працаваць, араць і, калі што ўзрасце, прынесці ёй увесь плён, бо люблю яе ўсім сэрцам і толькі ёй належу целам і душою".
Праз тры тыдні Фердынанд высылае ў Вільню карціны "Крэва", "Вясновы вечар" або "Млын" і восем новых эцюдаў. Яшчэ праз дзень прыязджае туды сам і адразу трапляе на выставу, дзе работы ўжо віселі. Здзівіўся, убачыўшы каля іх шмат гледачоў. Вядомыя ў мастацкіх колах людзі ахвотна выказваліся ў час прагляду, а праз які дзень і ў прэсе - што працы Рушчыца лепшыя на выставе, сваёй арыгінальнасцю, каларытам, тэхнічным майстэрствам падоўгу трымаюць найбольш глыбокіх улюбёнцаў і знаўцаў тонкага жывапісу. Расчулены ўвагаю да сваіх работ, Фердынанд спяшаецца ў родную прыроду, каб падрыхтавацца да наступнай выставы ў Варшаве.
У гэты час ён адчувае сябе мастаком як ніколі раней вольным, не скаваным умоўнасцямі, якія прыгняталі, здаралася, раней, стрымлівалі фантазію, схілялі да асцярожнасці. У гэтым стане душы і думак абуджаецца жаданне вярнуцца да "Карэты", якую пісаў і перапісваў пад рознымі назвамі, кожны раз без поспеху.
"Увечары перарабіў аблокі, увёў цёмна-сіні тон. Павінен даць сабе поўную свабоду, каб у карціне выявіць нешта фантастычнае, нейкую баладу".
У запісах наступнага дня гэтае разважанне мае працяг:
"Лісце раблю цёмным, жоўта-карычневым і стылёвым. Ці гэта добра, ці кепска, не ведаю, але ўжо з год у мяне да гэтага выспявала ахвота. Спачатку баяўся рабіць матыў нерэальным і падбіраў адпаведны момант у прыродзе. Цяпер, малюючы эпічны, гераічны краявід, вярнуўся да першапачатковай задумы. Але, гэтак малюючы, гляджу на свой твор нібы тая птушка, што разам са сваімі птушанятамі вывела і птушаня зязюлі з падкладзенага ў гняздо зязюляю яйка".
Тут усё лагічна, натуральна. I неспакой, сумненні, і гумар, што суцяшае, і бачанне матыву незвычайнага. Сыходзяцца дзве якасці тэмпераментнай натуры мастака, дзве мастацкія плыні, рэалістычная і рамантычная, рэалістычная ад даверу да прыроды і акадэмічнай школы, а рамантычная - хутчэй ад маладога тэмпераменту, які шукае арыгінальнае, узвышанае. Мастак зноў, цяпер больш смела, імкнецца пераадолець перасцярогу настаўніка, які прызнаваўся, што сам пабойваецца тэм фантастичных, цяжкіх і рызыкоўных для рэаліста.