Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 53
Віктар Карамазаў
Неўзабаве пасля Варшавы адзін з першых запісаў у сшытку даволі нечаканы:
"Багданаў, 19. 01. 1900.
Пакую скрыні з карцінамі для Пецярбурга".
Нечаканасць гэтага кроку ў тым, што Фердынанд яшчэ добра памятаў сваё апошняе наведанне Пецярбурга, апошнюю там вясновую выставу, якую дружна, нібы ў змове супраць маладых мастакоў, што выставілі свае работы, вучняў Куінджы, знішчалі ўсе, хто не ленаваўся гэта рабіць, уся сталічная прэса, у тым ліку і яго карціны, яго "Зямлю", з якою горыччу адтуль вярнуўся, нібыта назаўсёды збег, каб больш туды не ездзіць, і як зусім іначай пасля тае выставы віталі яго работы ў Вільні ды Варшаве. Здавалася, што пасля гэтага дарогу ў Пецярбург можна забыць, не адчуваючы ў тым вялікай страты, што ўсе дарогі цяпер у мастацтве павядуць на захад.
Што ж зноў паклікала ў паўночную расійскую сталіцу? Чарговая, ужо блізкая, вясновая выстава? На фоне нядаўніх у Вільні ды Варшаве яна магла шмат што сказаць і падказаць разгубленай душы: куды далей ісці і з кім, на захад ці на ўсход? Або паклікала настальгія па маладых, у акадэмічных майстэрнях, гадах, па сябрах, настаўніках? Сумленне перад Зеўсам?
А можа і Гэлена?..
12
Зразумець Фердынанда на тым прамежжы паміж усходам і захадам цяжэй тым больш, што ён пэўна і сам ці ведаў, як зразумець сябе самога. Магчыма, тут пасобіць сшытак, з якім - і толькі з ім - у тыя дні вядзе шчырую размову Фердынанд.
"Пецярбург, 25. 01, 1900.
Вельмі сумна. Сумна і самотна. Нават думак не магу сабраць, адчуваю сябе стомленым не толькі фізічна, але і маральна. Усё: людзі і горад - нязменныя, будзённыя. Чалавек ходзіць, ён нікому не блізкі, нікому не патрэбны.
Расставіў творы, і гэта крыху супакоіла".
Жахлівае адчуванне: чалавек нікому не блізкі, нікому не патрэбны. I хто ён, той няшчасны? Ды сам мастак, сам Рушчыц. I сам, і ў сабе бачыць іншага, як у іншым бачыць сябе. Іншы гэта можа не адчуць як сваю вялікую бяду, нікому не патрэбным можа пражыць усё жыццё, з гэтым звыкнуўшыся, але мастак з яго амбіцыямі, з яго адказнасцю за ўсіх і за сваю радзіму адчувае гэта заўсёды балюча, як трагедыю і асабістую, і ўсяго народа.
Яму як жыць, змірыўшыся з гэтай бядою?
У мастака выйсце нібыта ёсць - мастацтва. Яно ў самой яго прыродзе -не трагедыя, яно ратуе: "Расставіў творы, і гэта крыху супакоіла". Але супакоіла толькі крыху? Супакоіла - не ўратавала. Тут, у царскай сталіцы, нават любімае мастацтва не ратуе Рушчыца. Бо ён тут не патрэбны.
Ці, можа, гэтае адчуванне выпадковае? Што ў сшытку пра гэта кажа далей?
"26. 01.
Быў на "серадзе". Вялікай шчырасці з боку калегаў не бачу. Калі лічым, што наша "Я" кагосьці вельмі цікавіць і камусьці патрэбнае - дык памыляемся".
"27. 01.
Цэлы дзень прачакаў Куінджы ў майстэрні... Прыйшоў. Доўга глядзеў на "Вечаровы спакой". "Цёмна. Уражанне робіць добрае". Запытаўся, адкуль матыў. Пасля "Святочны дзень": "Ага! Моцна. У сінім той самы недахоп, які быў у "Зямлі". Я паказаў "Баладу". Пазнаў знаёмы матыў. "... Вас дэкадэнтам назавуць".