Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 52
Віктар Карамазаў
На гэты раз Рушчыц смялейшы і за настаўніка, і за сябе ранейшага. Паўплывалі першыя кантакты з захадам, з яго смялейшай творчай раскаванасцю, свабодай думкі, тэмпераменту? Гэта відавочна. Ці не занадта хутка? Але не выпадкова. Усё ж мастак быў выхаваны на традыцыях больш заходніх, як усходніх, і маці - датчанкай, і бацькам - палякам. Ды і літаратурай не толькі рускай - Пушкіным і Дастаеўскім, - але і польскай, не ў меншай меры - Міцкевічам, Славацкім, Сянкевічам. Культурнае поле было ўзаранае, чакала насення і жыццядайнага сонейка.
Вось і Варшава. Краявіды Рушчыца ў Таварыстве прыгожых мастацтваў вывешаныя на цёмна-зялёным, нібы ў зацішным падлеску, фоне. Тут і аўтар. Да яго падыходзяць мастакі. Яшчэ ён мала каго з іх ведае, але яны яго віншуюць як добра знаёмага, як сябра. Кагосьці захапляе свежасцю ягоны "Першы снег", хтосьці, азіраючыся, адыходзіць ад "Млына" і зноў да яго вяртаецца, шмат хто цікавіцца, дзе аўтар вышуквае гэтакія арыгінальныя матывы, ці дапасоўвае густы прыроды да сваіх. Пачынаецца размова пра скандынаўскі жывапіс, у каларыце якога бачаць нават і "Мора пад сонцам", што дыхае поўднем.
Увага з боку гаспадароў выставы і яе наведнікаў, задоўгія размовы, часам дылетанцкія, стамляюць, але і радуюць, даюць ахвоту бліжэй знаёміцца з людзьмі, якім мастак цікавы, на кожны позірк і голас адгукнуцца, адкрыцца, і калі вядомыя ў Варшаве дзеячы культуры запрашаюць да сябе як пачэснага госця, маючы жаданне пазнаёміцца бліжэй у сваім сяброўскім або сямейным коле, ён рады гэтакай магчымасці. Пасля ў сшытку з’яўляюцца ўдзячныя запісы. Як і гэты:
"Быў на "пятніцы" ў доктара Бэні. Заўжды марыў, каб калі-небудзь убачыць людзей, якія думаюць пра народ, каб хоць здалёк паглядзець на іх. I тут яны прынялі да сябе. Заўсёды буду помніць гэты дзень. Адзін з самых шчаслівых дзён у маім жыцці".
Усхваляваны блізкай сустрэчай з доктарам, вучоным медыцыны, грамадскім дзеячам Бэні Каралем, Рушчыц вяртаецца ў Багданаў і ўжо тут на той самай хвалі роздуму выліваецца яшчэ адным шчырым прызнаннем: "Мастак носіць у сабе стрэмку. Заўсёды яе адчувае, ніколі ад яе не пазбавіцца. Стрэмка - яго мастацкае сумленне".
Першы запіс Рушчыц робіць уначы пасля сустрэчы з доктарам, калі яму, расчуленаму сяброўскай размовай, не спалася, у адну з самых апошніх начэй 1899 года; другі, у Багданаве, у адзін з першых дзён 1900 года і новага стагоддзя. Абодва запісы пра адказнасць мастака перад мастацтвам і перад Радзімай. Гэта галоўная думка Рушчыца на мяжы двух стагоддзяў. Ведаючы, якім выдалася пражытае стагоддзе, і не ведаючы, якім будзе наступнае, ён спрабуе прадбачыць сваё далейшае жыццё тэмпераментам, інтуіцыяй і там, далей, прадчувае новыя кантакты са светам. Ужо цяпер гэтыя прадчуванні не абяцаюць працяглага ды ціхага, хоць і ў штодзённай любімай працы, жыцця ў вёсцы, падказваюць тут не заседжвацца, шукаць далейшыя шляхі. З якога боку? На захадзе або ўсходзе?