Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 49

Віктар Карамазаў

Прэса, якая ў мінулыя гады старалася падтрымліваць маладыя таленты, цяпер або іх закрэслівала, або замоўчвала. Каб зразумець яе, трэба было ўбачыць тое, што яна закрэслівае ды замоўчвае.

Быў Куінджы на адкрыцці выставы. Трымаўся збоку ад акадэмічнага натоўпу, адміністратараў, нібыта замежны госць, выпадкова запрошаны. Маўклівы, прыгнечаны.

З’явіўся нават імператар, здзівіў адразу ўсіх, што ціха, без звычайнай вакол сябе світы падыходзіў да кожнае карціны, уважліва разглядаў. Хтосьці ім захапляўся, хтосьці губляўся: што гэта абяцае мастацтву, ма­стакам? Любоў, павагу, клопат? Ужо набліжаўся і да Фердынанда, ужо Фердынанд чакаў, што яму скажа, калі не скажа, дык што падумае пра мужыка, бізун у яго руцэ і пра валоў, ці спадабаюцца яны яму, ды рап­там аб’явіліся каля цара Вялікі князь - прэзідэнт Акадэміі, яго намеснік, рэктары, шчыльным, у чорных фраках, гуртам павялі святлейшага міма валоў да наступнай экспазіцыі.

Фердынанд выйшаў з залы. Яму хацелася хутчэй дадому, ад усіх - у свой кут, там - адзіноты. Не атрымалася, бо нечакана апынуўся ў абдымках Пурвіта:

- Ну, дружа, твае валы - краса і вышыня выставы. Яны нас усіх ратуюць.

Твар Вільгельма свяціўся шчырасцю і радасцю, нібы ўсё гэта хтосьці

казаў яму самому. Ды тут адразу з-за яго спіны пачуўся голас Бровара, таксама калегі па майстэрні:

- Ме-та-фі-зі-ка.

Фердынанд злёгку разгубіўся: што і каму з іх адказаць на гэтакія прывітанні? Перад апошнім узнік Разенталь, які любіў і ўмеў мірыць процілеглыя думкі: