Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 50
Віктар Карамазаў
- Сам ты метафізік. Жывых валоў яшчэ не бачыў. - Узяў Фердынанда пад руку. - Твая карціна безумоўна лепшая. Яшчэ два-тры мазочкі на пярэднім плане, на поле, пакладзеш і на сваіх валах увесь свет можаш аб’ездзіць.
- Ну так, павесяліш людзей. I белых, і чорных, і жоўтых.
Усім весела зрабілася.
- Як хочаш, - рагатаў і Разенталь. - Табе ў вёсцы ўсяго хапае. Для цела, бачу, і для душы, Можаш з яе не выязджаць. Жыві, працуй і радуйся. Але валоў, мужыка з бізуном, тваю зямлю ўвесь свет зразумее. Я пра гэта.
- Увесь свет, акрамя Пецярбурга, - уставіў Бровар.
- Акрамя цара і Бровара, - дадаў Пурвіт.
- Ды яшчэ Дзягілева, - дадаў Фердынанд.
Усіх выслухаўшы, Разенталь прадоўжыў сваю думку:
- Твой пэндзаль, Фердынанд, трапіў у тое месца, адкуль жыццё ўсюды пачалося: поле, мужык, валы.
- Я рады гэта чуць...
Але хвіліны радасці заўжды карацейшыя за хвіліны роспачы, і тое, што хвалявала, вылівалася з душы ў сшытак:
"Я стомлены.
Няхутка яны ацэняць нас. Мы ў іх вачах рамеснікі, якія палююць на іх кішэню ды ласку.
Прыкрае пачуццё гняце душу пасля афіцыйных прыёмаў, дзе чалавека пазбаўляюць годнасці і прыніжаюць.
Без разумения, без прызнання сваіх намаганняў цяжка трымаць раскінутыя ў палёце крылы. Абыякавасць - гэта волава. Цяжка".
У гэтакім настроі Фердынанд губляе жаданне заставацца ў сталіцы і вяртаецца ў вёску.
11
Май - вясна ў найчысцейшай квецені. Бялюткая, але ўжо зелянее.
У Ганны, сястры, дзень Анёла. Разам з ёю Фердынанд на набажэнстве ў касцёле. Выдатна спявае хор. "Вітай, Марыя", "Багародзіца" ачышчаюць і ўзвышаюць душу.
Увесь вечар музыка і ў доме. За клавіятуру садзяцца то маці, то Ганна, то паненка Марыля.
Хатняя музыка супакойвае, але не гэтак, як тая, што ў касцёле. На іншых, паніжаных рэгістрах яна спакваля ўлівае ў стомленае гарадской нервовасцю цела выразна зямныя, ад жыцця ў прыродзе рытмы, сілы, настроі.
У вёску да Фердынанда прыходзяць лісты. Не з Пецярбурга, дзе пакінуў сяброў па мастацтве, не з Менска, дзе сябры маленства, па гімназіі, а з Вільні, з Варшавы, дзе не было, здавалася, блізкіх людзей. Незнаёмыя дзеячы культуры, мастакі выказвалі захапленне карцінамі, убачанымі на выставах, здзіўляліся, што Еўропа пра яго мастацтва яшчэ не ведае, прасілі новыя работы для сваіх выстаў, прапаноўвалі наладзіць персанальныя экспазіцыі ў Варшаве, Кракаве, Вільні. Гэтакія лісты прывязвалі да еўрапейскай культуры, чаго душа якраз і шукала апошнім часам. Не адгукнуцца на іх Рушчыц не мог.
Перадапошні дзень вясны выдаўся шэры, халодны, падобны на дзень позняй восені. Бацька з сынам запрагаюць каня ў брычку і, апусціўшы на акенцах фіранкі ад ветру, выязджаюць у Вільню.
З атрыманых лістоў Фердынанд ведаў, што ў Вільні рыхтуецца да адкрыцця жывапісная выстава польскіх мастакоў, меў і запрашэнне ўзяць у ёй удзел, і адрасы арганізатараў. З тыдзень прабыўшы ў Вільні, дамовіўся аб сваім удзеле ў выставе, накупляў цікавых кніжак і вярнуўся ў Багданаў. Тут, у захапленні ад свайго вясновага маёнтка, апавядаючы маці пра Вільню, ён прызнаецца, што адчуваў сябе там больш далёкім ад еўрапейскай культуры, як у вёсцы, у роднай прыродзе, што тут больш духоўнага святла, як у горадзе. Думка нечаканая, як нечаканым было і для яго самога тое адчуванне ў Вільні. Але маці, чыя душа настройвала ўсе струны ў душы сына, не здзіўляецца, яе гэта нават нібыта радуе: