Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 48
Віктар Карамазаў
- Калі не ведаеш гісторыю краіны, то цяжка зразумець каменне, якое застаецца ад яе. Як яго тады адчуць і выявіць? Не ведаю. Я не мастачка.
- Вы скульптар, - сказаў ён. - Вашы рукі трымаюць камень, аддаюць яму сваё цяпло і тым робяць яго жывым. А ў маіх руках фарба. Я пішу лес, поле, дрэвы, кветкі, іх адчуваю жывымі, як яны дыхаюць, усё вакол сябе мяняюць і мяняюцца самі. Камень маіх рук не чуе. Як мне ў ім адчуць жывую кроў стагоддзяў?
Яна падвяла яго да акна. Снег сыпаў ужо не гэтак густа, як раней. Яны стаялі побач, глядзелі на снег, на горад.
- Вайсковыя казармы за каналам бачыце? - спытала яна. - Іх будавалі яшчэ пры Пятры Першым. Манеж паміж казармаў, каменная сцяна без вокнаў. Над ёю вартавая вежа. Усё з аднаго каменю, з карэльскага ружовага кварцыту. Я міма іх хаджу ў Акадэмію і з Акадэміі дадому, часта гляджу на той, у сценах, камень і дзіўлюся, як ён мяняе свае адценні. То шэрыя, як дажджавыя хмары, святлейшыя або цямнейшыя, то блакітныя, зіхаткія, быццам па іх бяжыць чысты ручай, то ажно слепяць сонечным святлом з адценнямі сіены, кінавары, вохры. Бывае, што бяжыш, спяшаешся, а вокам на той камень кінеш і запынішся, стаіш, глядзіш і думаеш: ці не жыве ў вежы мастак, які, як горад спіць, аблётвае з палітраю на крылах Серафіма сцены, перамалёўвае. А то як хто змывае ўсе колеры, можа, і той мастак, тады сцены аднолькава ружовыя, як натуральны кварцыт карэльскі. Цёплы, ахвота рукі на ім пагрэць. Распальвае жаданне з’ездзіць у Карэлію, пагрэцца на тым "вогнішчы".
Гэлена адышла ад акна, а Фердынанд стаяў, глядзеў на тыя сцены, як першы раз іх бачыў.
- Калі там гэтакая казка, чаму б не з’ездзіць? Адсюль, здаецца, блізка?
- Край дзікі. Поўнач. Каб ехаць не адной?
- Так, так. Туды вам трэба ехаць з надзейным мастаком.
Яна паспяшалася спыніць яго празрыстую параду:
- Глядзіце і чакайце. Снег за акном цішэе. Як спыніцца, іншым святлом заззяе камень, тады тое ўбачыце, што ў камені шукаеце.
Ужо ён бачыў, што снег сыпле радзейшы, што срэбра гасне, яснеюць за каналам манеж, вежа, казармы, волкі туман па сценах сплывае ўніз. Не вытрымаў:
- Я штосьці заўважаю.
Выразнейшымі бачыліся камяні ў сценах. Яны хоць хмурыліся, але яснелі, мяняліся ў колеры, настроях.
- Вы чуеце мяне, Гэлена?
Яна не адгукалася.
Ён азірнуўся і, не заўважыўшы ў майстэрні, выйшаў у вітальню. Яе не было і там. Вярнуўся да мальберта. На палітры заўважыў паперку, якой не бачыў раней. Хацеў узяць - трымалі, прыклееную, фарбы. З палітрай да вачэй паднёс і прачытаў на той паперцы: "Глядзіце ў акно. Спяшаюся ў Акадэмію. Прабачце".
Падышоў да акна. Яна перабягала вуліцу і азіралася. Заўважыўшы яго ў акне, махала яму чырвонай рукавічкай.
10
Акадэмічная выстава адкрылася ў адзін з першых дзён сакавіка. Акрамя "Зямлі" Рушчыц выставіў новы "Млын", зімоваю натурай і настроямі не падобны на той, што быў у Савы Мамантава, і эцюд. Гэта была яго першая выстава, калі за свае работы не хваляваўся, хоць і ведаў, што кожная з іх не ўсім па гусце, па думках, па настроях. Цяпер, як ніколі раней, адчуваў, што ён ужо не вучань, што мае свой погляд на мастацтва, на жыццё ў ім, на кожную сваю работу, што адчуванне сваёй карціны, свая думка аб ёй найпершая, да праўды, ісціны бліжэйшая за чужую, бо глыбей, у большых пакутах, у большай шчырасці выкалыханая душою мастака. Да чужой думкі варта прыслухоўвацца, але найбольш аддана верыць трэба сабе, сваёй душы. Куінджы падабалася "Зямля", а Дзягілеву "Млын", а міма прайшлі маладзейшыя мастакі, калегі, нават не запыніліся. Падышлі знаёмыя палякі, хвалілі работы за тэхніку, каларыт, паэзію, але канкрэтнага нічога не сказалі - усё ўвогуле. Каму з іх верыць? Яшчэ ў мінулым годзе ад гэтакай рэакцыі мог перахвалявацца, разгубіцца, але цяпер быў задаволены, што шмат не гаварылі, не вельмі захапляліся, гледзячы ў вочы аўтару, не казалі яму, што ён вялікі майстар, геній, пераплюнуў Куінджы або Левітана, што з ціхай прыкрасцю ў сэрцы ўжо неаднойчы чуў. Хлусня псавала жывапіс. I тая, на карцінах, і тая, што вакол іх кіпела. Цяпер тут, на выставе, яму найперш хацелася ўбачыць, як пішуць іншыя мастакі, сябры, што яны, у сталіцы жывучы, знаходзяць для сваіх пейзажаў, хто як мяняецца або ламаецца, хто што шукае ў мастацтве. А ўжо свае працы паказваў хутчэй як візітоўку, што давала дазвол на ўваход сюды, на гэтую мастацкую дэманстрацыю, не толькі да экспазіцый, але і да натоўпу аматараў і знаўцаў жывапісу, да мастакоўскага бамонду, іх поглядаў, настрояў.