Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 38
Віктар Карамазаў
Фердынанд адхіснуўся з палітрай у руцэ ад палатна, вачэй не адарваўшы ад кутняй вежы з шэрага, месцамі чорнага, нібы смалой аблітага, камення. Пісаў яе на палатне, трымаючыся колераў натуры, камянёў. Аж разгубіўся, заўважыўшы на чорным, нібы вугаль, халодным камені чырвоны трапяткі, усё роўна як ад вогнішча, адбітак. Нібы апёкся, але працягваў углядацца ў камень з чырвоным бокам. Здзівіла чырвань. Яна глядзелася як праз паперу сінюю, танклявую, празрыстую. На чорным камені? Сіні, праз чырвань, тон даваў адчуванне бясконцай глыбіні начнога неба, і чырвань усё роўна як адтуль сачылася. Былі ў той глыбіні не толькі святло ды колеры, мігценні іх адценняў, было яшчэ і тое, чаго тут, блізка, не бачыў: далёкі таемны сэнс. У загадкавым святле Фердынанд адчуваў штосьці галоўнае для Крэва-замка, Крэва-часу, Крэва-дзяржавы.