Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 39
Віктар Карамазаў
Рыхтуючыся да гэтай працы, ён уяўляў яе ў кантрастах і гармоніі чырвонага і белага цяпла і холаду, міру і змагання, жыцця і смерці, меў спадзяванні на смелы і арыгінальны каларыт, на свой у гэтым талент. Але тут, на дзядзінцы з палітраю ў руцэ, адчуў, што талент каларыста ўсіх гарантый не дае, што тэхнікі натурнага пісьма тут яму мала. А што трэба яшчэ? Магчыма, гэта адчуваў сябра, калі сюды, у Крэва, браў кнігу, каб з яе чытаць уголас гісторыю і замка, і роду Гедыміна ў асобах Альгерда, Кейстуса, Ягайлы, Вітаўта. Яго задуму ён там, у Багданаве, не вельмі зразумеў, а тут заўважыў, што кніга зусім не шкодзіла, нават стварала спрыяльнае для працы адчуванне далёкага, рэальнага ці не зусім рэальнага, але іншага часу. Юзік на голас не націскаў, часам ледзь чутна прамаўляў, недзе спыняў чытанне, рабіў паўзы, каб адчуць тыя далёкія падзеі ў цішыні цяперашняга Крэва і мець магчымасць пра тое ўсё падумаць. Калі ўжо прачытаў, як у замку па загаду Ягайлы задушаны быў Кейстут, рукі апусціліся і працаваць далей не мог. Тады замоўк і Юзік.
Неба на даляглядзе было яшчэ не цьмянае, свяцілася кволым блакітам, чысцінёй, хоць сонейка ўжо схавалася, парэшткі замка таялі ў вечаровай шэрані. Юзік спытаў:
- Табе, Фэрдзя, святла ўжо мала?
- Так. Мала. Але... як там наш конь? Торба пад мызай ужо, пэўна, пустая. Замёрз, нас чакаючы?.. Ідзі, накінь на яго кажух, хай пагрэецца, пакуль я тут збяруся.
Была ўжо ноч глыбокая, калі вярнуліся ў Багданаў.
Толькі на трэці дзень па прыездзе з Крэва, адсвяткаваўшы сустрэчу новага года і ў Солы да цягніка на Менск адвёзшы Язэпа, Фердынанд выставіў работу, напісаную ў Крэве, на мальберт. Яшчэ яе нікому не паказваў. Дома, у сям’і, усе прызвычаіліся да таго, каб яго новыя работы глядзець тады, як сам пакажа, а ён не любіў паказваць іх сырымі, незакончанымі, у якіх сумняваўся. Гэтую работу пакуль што бачыў адзін Юзік, яшчэ ў замку на дзядзінцы, калі яна пісалася і калі Фердынанд хаваў палітру з пэндзлямі ў скрыню, пасля нават размовы пра яе не вялі, бо сябра разумеў, што не закончаная, яшчэ над ёю працаваць ды працаваць. Размова ішла пра Крэва ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, бо замчышча, яго парэшткі, праца на дзядзінцы распалілі пачуцці і думкі пра сваю дзяржаву, і Фердынанду было цікава пачуць, што скажа пра яе гісторыю і лёс разумны сябра - літаратар, педагог, юрыст. Размова пачалася з яго пытанняў:
- Я, Фэрдзя, на дзядзінцы цябе не зразумеў. Ты, бачыў, захапіўся працай, фарбы кідаў на палатно, мяне не заўважаючы, не чуючы, што я чытаў пра Крэва, але чаму раптам спыніўся пэндзаль твой? Табе і сапраўды святла ўжо было мала або спыніла штосьці іншае? Можа, маё чытанне надакучыла? Дык ты б сказаў мне?
- О не, мой сябра! Тое, што ты чытаў і як чытаў, мяне якраз распальвала. Ты гэта здорава прыдумаў, што ўзяў у Крэва кнігу. Пасобіў мне настроіцца. Але...