Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 37
Віктар Карамазаў
Той жарту не зразумеў:
- А што? Магу. Не цяжка.
Увечары Фердынанд паказаў новы млын маці і бацьку. Як у змове з Юліянам, хвалілі і яны ваду і пену. Калі сказаў, што гэта самае хваліў і Юліян, што той нават настаўнікам яму згадзіўся быць, усім у доме было весела.
Сямейная размова пра новую карціну абудзіла ўспамін падзей далёкіх у Багданаве, калі млын яшчэ будаваўся і ў лесе за млынам, за ручаём ды і ў млыне багданаўцы хаваліся ад царскіх салдатаў. Гэта быў час польска- беларускага паўстання, шэсцьдзясят трэці год. Тады бацькаву сястру Лёню арыштавалі і выслалі ў Сібір толькі за тое, што знайшлі ў яе малюнкі польскіх арлоў. Катавалі фурмана Рушчыцаў, дапытваліся пра гаспадароў. Багданаўскага старасту са звязанымі нагамі вазілі па вёсках, палохалі яго пакутамі людзей, якія ні ў якую палітыку не совалі і носа, нічога іншага, акром свае зямлі ды працы, не ведалі і не жадалі ведаць. Хто на каго быў злосны, той рабіў даносы, па тых даносах, часцей ілжывых, і забіралі, высылалі.
Міналі апошнія дні года, усе ў маёнтку жылі пераднавагоднімі клопатамі. Сёстры Ганна і Вольга, іх дзеці і садоўнік ставілі і ўпрыгожвалі ялінку. З Вільні на свята прыехаў сябра Фердынанда з маленства і па гімназіі ў Менску Язэп Вяжынскі, літаратар і педагог. Рыхтуючы ўсім падарункі, у доме не забылі і пра яго. Сюрпрыз быў незвычайны: па-мастацку зробленая панарама месца ў Менску, з тагачасным домам Рушчыцаў, дзе сябры раслі, вучыліся. Панарама складалася з малюнкаў, якія мяняліся. Над імі
- радкі з паэмы любімага тут усімі Адама Міцкевіча:
Дзяцінства край! Ён прад вачыма ўстане
Святы і чысты, як першае каханне...
У клопатах пра свята Фердынанд думае пра падарожжа ў Крэва. Яго жаданне цяпер горача падтрымлівае Язэп, і ў самы пярэдадзень новага года сябры выпраўляюцца да легендарных муроў.
Дзень выдаўся змрачнаваты, імгліста-шэры, але паступова хмары ў небе радзелі, час ад часу рассоўваліся, паміж іх зноў ды зноў выблісквала сонца, асвятляючы абапал дарогі дзе роўнядзь палеткаў, дзе засеяныя заснежаным лесам пагоркі ды лагчыны, і дарога не здавалася сумнай. Радавала вока і сэрца каляровая палітра ўжо даволі багатага снегу - то зеленаватага, то шэра-фіялетавага, то ружовага, залацістага, нябесна-блакітнага. Пагоркі рабіліся ўсё вышэйшыя, і раптам разбегліся ад дарогі, адкрыўшы вачам падарожнікаў наперадзе замкавыя руіны і тры царквы. Крэва! Які кантраст старавечных муроў і маладога снегу! Спакой і веліч!
Падпаху схапіўшы фотаапарат, Фердынанд спяшаецца да замчышча. Фатаграфуе звонку, шыбуе бліжэй да руін, спыняецца, зноў шчоўкае затворам апарата, бяжыць далей. Між камянёў, парэшткаў магутных сцен, праходзіць на дзядзінец і ўжо адтуль фатаграфуе кутнюю вежу былога замка. Дзень дагарае, сонца нізкае, але, прарваўшыся праз хмары, палае, нібы гарачы вугаль на ветры, запальвае чырвонае вогнішча на вежы, на яе белым, цяпер ружовым, снезе і шэрых, з трывожнаю ружоваю палівай, камянях. Нізкае сонца хвалюе таксама: дзень дагарае? Зрабіўшы яшчэ колькі здымкаў на дзядзінцы, Фердынанд абыходзіць руіны з усіх бакоў, вяртаецца на дзядзінец і фотаапарат мяняе на палітру з пэндзлямі. Сюды, зрабіўшы свой абыход мураваных парэшткаў, прыходзіць і сябра. Пакуль Фердынанд малюе краявід з руінамі былога замка ў святле снегу і апошніх промняў сонца, Юзік стаіць побач з ім і з кнігі Томаша Янкоўскага "Ашмянскі павет" чытае ўголас гісторыю Крэўскага замка, пра падзеі, якія ў ім адбываліся. Фердынанд звычайна мог засяродзіцца і працаваць толькі адзін, не любіў, калі ў час працы з палітрай быў блізка да яго хтосьці яшчэ, але тут, сярод магутных камянёў, у якіх жылі веліч і трагедыя былога замка, самой Літвы, урачысты, быццам у артыста, голас сябра гучаў як на адным дыханні з зацятаю маўклівасцю муроў, з дыханием мастака. Як быццам не ўслухоўваўся ў тое, што чытаў сябра, у словы, якія ён вымаўляў, увесь, душой і думкамі засяроджаны на камянях, на снезе, на святле, якія перад сабою бачыў, на постацях князёў, іх тварах, на колерах у святле стагоддзяў, якія ўяўляў у глыбах муроў, але і тое адчуваў, як голас сябра даваў жыццё ўсяму, нават і камяням, якія перад сабою бачыў, уліваў у іх жывую кроў і сілу. Пісаў каменне, разваліны даўным-даўно пабуранага замка, а бачыў тых яго гаспадароў, найперш Альгерда, якому Гедымін, Вялікі князь Літвы, аддаў гэтыя землі з замкам, ад Крэва - усю ўсходнюю Літву. Як Гедымін памёр, Альгерд, яго любімы сын, стаў на чале Вялікага Княства Літоўскага, але было ў бацькі сем сыноў, усе князі, мелі свае ўдзелы, з іх кожны марыў стаць Вялікім князем у Вялікім княстве, усе ў замку бывалі - колькі перакіпела тут спадзяванняў, крыўды, зайздрасці, жаданняў абылгаць, увесці ў зман, адпомсціць: чаго толькі не бачылі, не чулі сцены замка - каменне гэтае? Альгерд і Кейстут -браты: які двубой за бацькаву карону? Адзін Вялікі і другі Вялікі, адзін прызнаны праваслаўным усходам, другі - паганскаю Жамойцю, захадам. Адзін у Вільні, другі ў Троках, але і тут абодва, у Крэве, - двубой яшчэ не да крыві, то бой - то мір, а далей? Кейстут і Ягайла, Альгерда сын - князь малады, але Вялікі па спадчыне ад бацькі: тут ужо двубой крывавы. Кейстут забіў Вайдылу, спадручнага Ягайлы, Ягайла - Кейстута: кроў за кроў? Далёкі час - век чатырнаццаты - кроў тую, княскую і не княскую, хаваў за сценамі каменнымі ад усіх вачэй, ды камяні - не людзі, жывуць і сотні год, і тысячы, усё бачылі і чулі, кроў бачылі, іх памяць за людскую мацнейшая, сляпымі і нямымі здаюцца адно людскому розуму ды воку, але маўчаць аб тым, што бачылі, доўга не могуць.