Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 40

Віктар Карамазаў

- Дык што - але?.. Што адбылося?.. Святло...

- Пры тым святле яшчэ мог працаваць.

- А не святло, дык што?

- Пакуль у Крэве быў Вялікі князь Альгерд, я адчуваў у працы ўздым, як Крэва і ўся Літва. А далей - двубой Ягайлы з Кейстутам, кроў Кейстута - усё абвалілася. I там, тады, і тут, ува мне. І веліч Крэва, і мая душа. Бо я душой пішу. Іначай не магу.

Пытанняў больш у Язэпа не было.

На другі дзень пасля ад’езду сябра ў дзверы да Фердынанда, які сядзеў перад сваёй новай работаю адзін у майстэрні, пастукаў бацька. Зайшоў нясмела, як баючыся, каб сыну не пашкодзіць у працы. Фердынанд хоць быў не ў лепшым настроі, але павесялеў, яго ўбачыўшы, узяў пад руку, падвёў да канапы, якая стаяла насупраць мальберта, пасадзіў, сам побач сеў. Чаму бацька прыйшоў - здагадваўся, спытаў:

- Чаму без мамы?

- Не ўгаварыў. Спрабаваў, але не змог. Ты маму ведаеш, яе характар, чакае запрашэння, а я не вытрымаў, прыйшоў, каб паглядзець, што з Крэва ты прывёз.

- Ну вось, глядзі, перад табою на мальберце.

Глядзелі абодва моўчкі, нібыта кожны не асмельваўся выказацца першым. Бацька ўсё часцей адрываў позірк ад карціны і паглядаў на сына, як вымагаў ад яго першае слова. Фердынанд гэта заўважыў, зразумеў:

- Я рады, тата, што ты прыйшоў. Маму Крэва ўсё ж не гэтак грэе і хвалюе, як цябе. Яна ў нас заморская, дачка дацкага шкіпера і ўладальніка вялікага карабля Марка Андрэаса Мунха, хоць ёй ужо і Польшча, і Літва свае. Але табе, тутэйшаму, ліцвіну, Крэва, як і Літва, радзіма па крыві. Хто быў твой бацька і мой дзед? Адвакат. Абараняў ліцвінаў і Літву. А гэтая зямля, цяпер наша, як да яго трапіла? Выкупіў у спадароў Чаховічаў. А хто яны былі? Іх род - гербавая шляхта Літвы.

- Тамаш Чаховіч - о-го! - з непрыхаваным гонарам, як за сваё, святое, усклікнуў бацька. - Апошні маршалак Ашмянскага павета, абраны на пасад усёй павятовай шляхтай. Паставіў ён скарбоўню гэтую, дзе мы з табой зараз сядзім, табе, можна сказаць, майстэрню падарыў, калі цябе яшчэ далёка не было, як прадчуваў, што будзеш. I наш вялікі сад ён пасадзіў, з бабровым гадавальнікам і сажалкамі. Га?!.

- А да маршалка чыя зямля была тут?

Фердынанд адчуў, што бацька, не надта гаваркі звычайна, цяпер на слова разахвоціўся, як штосьці даказаць хацеў, і гэтую яго ахвоту з не меншаю сваёй ахвотаю падтрымліваў пытаннямі, хоць сам на іх адказы ведаў.

- Ну як чыя была зямля? Належала князям Гальшанскім. Пра іх хто не чуў, не ведаў? Апошняя гальшанская княжна Алёна як выйшла за Паўла Сапегу, тады і гэтая зямля, яе спадчына, адышла да славутага роду, з якога быў і сам Леў Сапега, канцлер Літвы. Цяпер тут твой надзел.

- Княскі?!.

- А што нам прыбядняцца? Тут, на Ашмяншчыне, і Крэва - сэрца Літвы. Ёсць, дзякуй Богу, што табе пісаць.

Ці не тут толькі ўспомніў бацька, чаго прыйшоў, замоўк знянацку, пацішэў, пачаў зноў углядацца ў карціну на мальберце. Вочы то прыжмурваў, праз шчыліны ў іх глядзеў, нібы карціна была далёка і ён на ёй лавіў нейкі мазочак дробны, то пальцамі праводзіў па вачах, глядзеў з-пад далані вялікімі, якія і былі, вачыма, нібы карціна блізка, на ёй адпачывалі вочы.