Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 36

Віктар Карамазаў

- Вось бачыш?.. А ты перажываеш, што там, на поўдні, мала працаваў, не напісаў нейкай карціны? А можа тое, што ўбачыў, перажыў і перадумаў, хоць і тое, што мне тут кажаш, шмат даражэй і не адной, хоць і выдатнай, карціны вартае?

Фердынанд уважліва глядзеў у твар маці. I раптам яго вочы змылі з сябе нечаканай слязою задумлівасць, заблішчэлі, нібы на сонейку.

- Ты, мама, усё ведаеш, усё бачыш. Чаму мне Бог не даў гэтакі талент?

Ён асцярожна ўзяў у рукі яе голаў і прыгарнуў пяшчотна да грудзей.

8

Зіма сапраўдная, са снегам ды марозам, прыйшла толькі ў апошнія дні года. За першым снегам лёг другі і трэці, мароз узяў іх пад сваю ахову.

Са зменаю надвор’я шмат што змянілася і ў жыцці ў Фердынанда. Закончыўшы "Восеньскі ручай", з якім папакутаваў, зноў ды зноў перарабляючы, напісаў і паказаў маці "Лістапад" з арыгінальным зеленаватым небам, на якім з-за хмараў выглядае малады месяц. Ад пераменлівага надвор’я і гэтую карціну не адзін раз перамалёўваў, колькі дзён ды начэй палюючы за тым у небе свяцілам, якое хацелася ўбачыць і злавіць. Пачынаў працаваць як над версіяй будучай "Балады", але мяняў і кампазіцыю, і назву - "Лістападаўскі вечар", "Алея", "Карэта", - і калі закончыў, дык сам не мог сказаць, што за жанр атрымаўся. Супакоіўся, падумаўшы: а навошта тут яшчэ і нейкі жанр? У маці заўвагі былі, але не катэгарычныя, яна рабіла іх асцярожна, нібы сама сумнявалася. Як звычайна, у сваім, ад мяккага характару, ад дабрыні стылі. А ён, яе далікатнасць ведаючы, яе пяшчотай выхаваны, у кожным намёку бачыў большае, як той намёк, дзе сумнявалася яна - там іншы мазок шукаў, пасля казаў, удзячны, як заўсёды: "Тут, у Багданаве, ты, мама, мой Куінджы". I былі радыя абое.

Багатая на снег зіма зноў прывяла да млына. Глядзеў на яго і дзівіўся: які ён непадобны на той, што быў ужо ў Савы Мамантава. I там таксама зімовы, але непадобныя зімы рабілі розным адзін і той жа млын. Там было свята лёду і вады, тут - снегу. Паклаў малюнак, вярнуўся ў майстэрню, выбраў падрамнік, большы за той, што пад тым млынам, з паперы малюнак перанёс на палатно, выклаў фарбы на палітру і задумаўся: як пісаць? Не любіў паўтараць аднойчы ўжо адпрацаваны матыў, пісаць натуру новую, па свежых уражаннях было цікавей. Але снег нечаканы падахвочваў. Пачаў рабіць і адразу забыў на тое, як пісаў раней. Натура хай і старая

- стары млын, але глядзелася як новая ў новым снезе і новыя стварала адчуванні ў мастака.

Праз тыдзень "Млын узімку на заходзе сонца" быў напісаны, і Ферды­нанду адразу, як гэта здараецца, калі сэрцам прыкіпіш да новай рэчы, яшчэ ад працы не астыўшы, хацелася пачуць чыёсьці слова пра яе. Паказаць маці, бацьку, сёстрам? А дзе яны? Тут раптам падвярнуўся наглядчык дома Юліян - ухапіўся за яго:

- Ты млын наш пазнаеш?

Той вочы вылупіў:

- Ну як не пазнаць? О-го!

- А падабаецца табе ён тут, на палатне?

- Вада пад барабанам як жывая. I пена падабаецца.

- Ну, малайчына, Юліян. Ты можаш быць мне за настаўніка.