Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 35

Віктар Карамазаў

"Як у жніўні ўсе дрэвы адначасова пачалі жоўкнуць, гэтак цяпер, напрыканцы выключна прыгожай восені, калі нават алешавіны губляюць лісце, на іншых дрэвах яшчэ трымаецца жоўтая лістота. Адсюль рэдкая колькасць каляровых сакавітых плямаў. Як усялякія згукі, шэпты, шапаценні найлепш праслухоўваюцца ўначы, гэтак усе таны абвастраюцца, мацнеюць, згушчаюцца, аглушаюць чалавека ў дзень пануры, цёмны, маркотны. Цёмныя лясы, чырвоныя, фіялетавыя, сінія, густа-жоўтыя бярозы, цяжкая фіялетава-карычневая зямля, рунь рэдкай зеляніны - усё гэта нібы ігра на арганах з выцягнутымі рэгістрамі. Чалавек чуе, як яна набліжаецца, грукоча аб скляпенне, вяртаецца, чалавек слухае, адчувае, агаломшаны, як гэтыя згукі з усіх бакоў апаноўваюць яго..."

Цяпер у сваіх назіраннях і захапленнях мастак не толькі назіральнік, тым больш не фіксатар, не капііст прыроды, нават і самых дасканалых яе красак і настрояў, ад яго вока і адчуванняў не хаваецца глыбока ўнутраная энергія прыроды, яе найтанчэйшая музыка і пастаянны, нават уначы, рух. Ён адчувае сябе натуральным працягам гэтай энергіі і гэтага руху. Адчувае, як ніколі раней не адчуваў, што ён - сама прырода.

Усё гэта, і нават думкі пра гэта не проста хвалююць, але і заклапочваюць, бо патрабуюць яшчэ не заўсёды ясных крокаў і вынікаў у працы. Насіць гэта ў сабе і радасна, і нялёгка. Ён прызнаецца маці:

- Калі малюю, мне часам здаецца, што прырода ўзносіцца з-пад маіх рук...

У гэтую хвіліну яна глядзела на яго як на дзіця, паўнюткае самім ім не спазнанай чысцінёй. Сказала:

- Я заўважаю, што ты вярнуўся з падарожжа па Еўропе іншым, як быў раней, і ў працы іншым, і ў сваіх настроях, думках.

- Магчыма, што гэта так, але...

- Ты мне казаў, што не зусім задаволены, што там табе не ўдалося напісаць штосьці выдатнае, тое, на што спадзяваўся?

- Так, мама. Там сумна мне было пісаць. Там каларыт стабільны, працуеш над эцюдам - тон, колеры, адценні хутка, як у нас, не мяняюцца. Там лёгка працаваць вучню, маладому мастаку, а я ўжо не вучань, не пачатковец у мастацтве, мне цікава пісаць прыроду, якая не адразу адкрываецца, гуляе са мною ў хованкі, вымагае ад мяне і вытрымкі, і рэакцыі на кожны яе рух, на кожнае адценне колеру, яе імгненныя праявы не губляць у праявах іншых, менш цікавых, імгненна заўважаць патрэбнае і зберагаць у сваіх эмоцыях. Усё павінна быць напагатове: вока, слых, нервы, думка. Тут, у сваёй прыродзе, калі пішу, я загараюся, жыву.

- Але ж раней ты гэтага мне не казаў?

- Раней не адчуваў, як цяпер, востра. Пра гэта не задумваўся. Гэтыя думкі і адчуванні ўва мне пасеяла і абвастрыла чужая прырода, Італія і Францыя. Я глыбей пачаў разумець жывапісную тэхніку імпрэсіяністаў. Яны пішуць - на палатне ўсё рухаецца, грае, дыхае. Стабільную натуру напаўняюць уласнымі эмоцыямі, сваім тэмпераментам, і гэта не псуе рэальнае натуры, гэта яе ажыўляе, робіць цікавай. Іх метад дае мастаку магчымасць як мацней выявіць сваю індывідуальнасць. Імпрэсіяністаў шмат, але як Клода Манэ не зблытаеш з Эдуардам Монэ, гэтак і кожнага з іх не зблытаеш ні з адным іншым імпрэсіяністам.