Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 34

Віктар Карамазаў

- Я сёння збіраўся на ручай пісаць яшчэ адну вясну.

- Два дні таму казаў, што ў светла-зялёным тоне хочаш пісаць восень з маладзіком у хмарках?

- Тое было два дні таму, а ўчора на ручаі прыйшла сапраўдная вясна. Я разгубіўся. Што робіцца ў прыродзе?

- А тое, сын, што і ў тваёй душы.

Фердынанд азірнуўся на нечаканы голас маці: яна стаяла каля ганка, яму ўсміхалася.

- Цябе я не заўважыў.

- Добра, што пачуў. Не ведаю толькі, хто ў каго вучыцца мяняць свае настроі. Ты ў прыроды або прырода ў цябе?

За снеданнем была размова з бацькам, каб ехаць па першым снезе ў Крэва. Фердынанд збіраўся туды яшчэ вясною, пасля збіраўся летам, то не знаходзіў дня, то не пускала думка: як будуць там улетку глядзецца велічныя, у чырвоных колерах, парэшткі старажытнага замка сярод вясковых шэрых хат, ці не пісаць пазней у светлым снегавым палоне? I вось цяпер былі ўжо пагадзіліся, што трэба ехаць, каб найчысцейшы першы снег не ўпусціць, ды тут занепакоілася маці:

- Снег добры, але ж ён лёг на цёплую зямлю, няма марозу, каб вам не давялося, адтуль вяртаючыся, плысці па вадзе ў санках?

Пераканала: вырашылі не спяшацца. Бацька падкінуў Фердынанда на кані да ручая, а сам паехаў далей аглядаць палеткі пад ужо нібы зімовай коўдрай.

Снег сапраўды, як адчувала маці, не далежаў да вечара.

Надвор’е мянялася і кожны наступны дзень, але яго капрызы не расчароўвалі Фердынанда. Раней, бывала, у непагоду настрой да працы на пленэры знікаў, ахвота большая з’яўлялася зашыцца ў ціхім закутку з цікавай кнігай, а цяпер зноў ды зноў, абы не сыпала слата на голаў, ішоў да ручая. Зрабілася цікава лавіць і ў шары дзень рэдкі, хоць на імгненне, прамень цікавага святла, яго нечаканую плямку, згубіўшы, зноў чакаць, лавіць тое альбо іншае, найтонкія раптоўныя адценні трымаць у памяці, каб потым у майстэрні ўваскрашаць на палатне. Гэта было захапляльнае паляванне, як у паляўнічага на дзікага і хуткага, нібы маланка, звера.

Амаль не мяняючы месца, Фердынанд у экстазе палявання на святло піша "Ручай зімовы", "Ручай асенні", "Лясны ручай", проста "Ручай", і кожны пейзаж - у сваім настроі, тоне, каларыце.

Пра новае захапленне прызнаецца ў сшытку:

"... іду да ручая. З натуры цяпер, у кастрычніку, можна пісаць матыў вясновы, адпавядае каларыт, аднак, здаецца, урэшце рэшт карцінка або эцюд выльюцца ў матыў асенні".

Паляванне на імгненнае святло патрабуе ад мастака вострага вока, нават магчыма больш вострага, як у паляўнічага на звера або птушку. Гэтакае вока не даецца адразу і на ўсё жыццё ні прыродаю, ні акадэмічным дыпломам, яго трэба фарміраваць самому, вастрыць нястомнай назіральнасцю, жывучы ў прыродзе, якая нішто не паўтарае, у кожнай дробязі арыгінальная, нечаканая. Ён гэта зразумеў як абавязковае для сябе яшчэ вучнем Шышкіна і Куінджы, якія патрабавалі ад кожнага свайго вучня трэніраваць вока і памяць, але ў горадзе для пейзажыста гэтая навука заставалася навукай. Рэалізаваць яе ў працы мог цяпер, жывучы ў вёсцы, тут гэтага ад мастака патрабавалі сама прырода, праца ў прыродзе, бо тут і толькі тут не проста назіраў за асяроддзем, але зліваўся з ім духоўна, настроямі.