Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 25
Віктар Карамазаў
- Я заўважыў, - прамовіў той, памуляўшы губамі, - што вы тут доўга седзіце. Магчыма, бачылі аўтара гэтай карціны? - паказаў пальцам на "Млын".
- А вы штосьці яму сказаць хацелі? - спытаў Фердынанд.
- Н-н... не, не зусім так... - Чалавек быццам яшчэ слоўка меўся вымавіць і не адважваўся.
- Вы хочаце купіць карціну?
Тут незнаёмы як разгубіўся.
- Н-н... я-а... вы мяне зразумелі, але не зусім. Так, я хацеў бы набыць гэтае дзіва, але... ну, вы-ы... бачыце?.. - Ён далоньмі паляпаў сябе па кішэнях, безумоўна пустых, развёў безнадзейна рукамі, заплюскаў, як дзіця, вачыма.
Фердынанду зрабілася шкада яго. Спытаў:
- А вы хто будзеце? Можа, мастак?
- Н-не, не... Я практыкую ў лясным інстытуце.
- Прыроду ведаеце?
- Ну-у... прырода - вечная для ўсіх загадка.
- А жывапіс, пейзаж вы адчуваеце?..
- Гэтак сказаць не магу, але тут, у гэтым пейзажы...
Размова пачынала быць цікавай Фердынанду:
- У гэтым пейзажы вам штосьці падабаецца?
- Святло. Гэтакім святлом валодае толькі Куінджы. Яно не адтуль, - незнаёмы паказаў пальцам на столь, на акно, маючы на ўвазе неба, сонца, - яно з самое рэчы, з формы. Быў гэтакі са мной выпадак. - Ён мякка ўсміхнуўся, нібы згадаўшы штосьці весялейшае. - Я працаваў у музеі, у аддзеле старажытных пазванковых. Там захоўваліся шкілеты яшчураў, дыназаўраў. Аднойчы ў мяне было начное дзяжурства. Іду па калідоры і раптам чую за дзвярыма ў залу з дыназаўрам грукат. Грукнула - і ціха. Я спыніўся: што можа быць? Яшчэ не раніца, прыбіральшчыцы не прыходзілі, і дзверы замкнёныя. Прайсці міма? Мо падалося? Не магу: а раптам нехта? Усялякае бывае. Адмычкі ў мяне ў кішэні. Я дзверы адчыніў, ціха зайшоў. У зале цёмна, тры цёмныя акны, але і нейкае даволі дзіўнае святло, у якім я бачу ў шкляных шафах на шкляных палічках малых дыназаўрыкаў. Яны першымі мне кінуліся ў вочы, бо да мяне бліжэй былі. Стаю, углядаюся. Як быццам нічога дзіўнага: шкілеты - косці святлейшыя ўначы за ўсё астатняе ў інтэр’еры. Але як вочы адвёў ад дыназаўрыкаў, за імі і вышэй, над імі, выразна ўбачыў шкілет вялікай галавы старога дыназаўра. Яна там у нас стаяла на драўлянай падстаўцы ніякім шклом не агароджаная. Глядзелі на мяне зубастая разяўленая пашча, дуплы наздрын, нос пляскаты, як лапата, дугі вачэй, ілбіна. Усё сплецена з костак, і гэта, што кажу, і там яшчэ ўсялякае начынне, увесь касцяк, не проста каб свяціліся, але свяцілі мне ў вочы, з сябе праменілі святло, прытым жывое, яно мянялася ў адценнях, пералівалася, мігцела, ад чаго быў і шкілет нібы жывы, увесь рухаўся. Што адбылося там са мною? Упаў, прытомнасць страціў. Ляжаў доўга ў шпіталі Мендзялеева. Адтуль як выпісаўся, да тых шкілетаў ужо не вярнуўся. Там быў дзядок, старэнькі доктар, ён мне казаў, што ў прыродзе ёсць сваё святло: расліны, дрэвы, птушкі, звяры жывуць сваім святлом. I людзі ёсць, якія тое святло бачаць, адчуваюць. Туды, у шпіталь, прыходзяць мастакі, каб зрок праверыць. Дык у Куінджы, казаў мне дзед, вочы зусім не гэтакія, як у іншых мастакоў. Ён бачыць святло не толькі тое, што ад неба, але і тое, што знутры расліны. Там, у шпіталі, ёсць шкло Мендзялеева, вока наскрозь паказвае.