Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 24
Віктар Карамазаў
- Тэк... Тэк... - нібы ў яго ў роце быў гадзіннік - адлічваў секунды.
Фердынанд абодвух слухаў, лагодна ўсміхаўся, тым часам думаючы, што яшчэ скажа Зеўс.
Пазней, у той жа дзень, прыйшоў Куінджы. Абняў у добрым настроі, як бацька сына, адразу папрасіў:
- Ну, паказвайце.
Карціна стаяла каля сцяны пад палатном - Фердынанд скінуў палатно, насупраць паставіў крэсла для настаўніка. Той моўчкі, неяк скавана, стаяў, углядаўся і раптам увесь страсянуўся, ускінуў над сабою рукі:
- Я рады за вас! Гэта мяне кранае!..
Даўшы выйсце эмоцыям, на крэсла сеў, зноў доўга і ўжо супакоена глядзеў на карціну, разважліва казаў пра снег на ёй, пра лёд, пра формы млына, гармонію ў каларыце і малюнку. Хваліў. У ваду даўжэй углядаўся, з крэсла прыўстаючы. Тут аўтар насцярожыўся, захваляваўся:
- Вада мяне бянтэжыла таксама. Тон доўга падбіраў. Святла не хапала. Баяўся залішне цёмнага.
- Дарэмна. Натура вас хвалявала, а вы ёй да канца не паверылі. Залішне светлых плямаў. I на вадзе, і ў небе. Вы смелы мастак, а тут?.. Там, на выставе ў зале, на тым святле, яны будуць мякчэйшымі глядзецца, гэта ўлічваць трэба, але, пакуль карціна ў сваіх руках, раю змякчыць. - Дадаў рашуча: - Трэба. - І зноў быў задаволены: - Я і раней казаў, што тэхніка ў вас выдатная. Ёсць тэмперамент.
Праз тры дні "Зімовы млын" быў ужо ў акадэмічным музеі, дзе збіраліся работы, прапанаваныя на выставу. Сюды адзін за адным заглядалі чальцы журы, знаёміліся з новымі творамі, адсюль выносілі пра іх думкі. Засвечваліся і аўтары, якім хацелася пачуць слова пра свае работы. Калі аб’явіўся Фердынанд, шукаючы сяброў, ля "Млына" стаялі студэнты. Ён падышоў - яны яго пазналі, пачалі хваліць карціну, маючы ўжо агульную думку, і ўсе раілі замяніць раму, спасылаючыся на пачутае выказванне Куінджы, які хацеў бачыць карціну ў залатой раме. Фердынанд прамаўчаў, здзівіўшыся, бо Куінджы мог гэта сказаць яму сам. Убачыўшы, што аўтар не вельмі згодны, раптам сказалі, што зробяць гэта нават і без яго дазволу. Назаўтра пра тую прапанову ён і забыў, бо клопату хапала без рамы, калі ж прыйшоў на адкрыццё выставы, карціна вісела ў новай залатой раме, глядзелася выдатна, аж вачэй не мог адвесці, нібыта бачыў яе ўпершыню. Хто расшчодрыўся, даў новую раму, не ведаў, але быў упэўнены, што той, каму карціна вельмі спадабалася. Цяпер каля яе ўвесь час таўкліся гледачы. Адыходзілі адны - падыходзілі другія, найбольш студэнты, эмоцыі якіх заўсёды непасрэдныя, свае - ён гэта добра ведаў. Спыніліся і Бенуа з Вялікім князем Юрыем Міхайлавічам. Работу хвалілі абодва, цікавіліся, дзе знайшоў сюжэт. Адышлі яны - падышоў Айвазоўскі. Той быў яшчэ ў большым захапленні:
- Віншую. Шырока, смела. Тут я вас пазнаю.
Па выставачных залах прайшла прафесарская камісія, адбіраючы лепшыя творы для Акадэміі. Твар кожнага з камісіі падобны быў на твар калі не бога, дык мудраца, суддзі вышэйшага і непадкупнага. Спыніліся на нейкую хвіліну ля "Млына" і рушылі далей. Хвіліна тая што-небудзь абяцала? Каму і што?
Фердынанд сядзеў насупраць карціны, але далей, правёў чальцоў камісіі паглядам, не пажадаўшы трапіць ім на вочы, адчуўшы сябе як бы не аўтарам "Млына", а выпадковым, з натоўпу вулічнага, чалавекам, і на душы зрабілася лягчэй, нават прыемна, што тых людзей не ведае, што незалежны ад іх, што ён ім не патрэбны, як і яны яму. На нейкі момант быў падумаў крыху іначай: што скажуць пра карціну, ці выкажуцца, каб яе набыць у Акадэмію, каб выплаціць за яе аўтару, і колькі выплаціць, колькі яна каштуе? Але адразу адмахнуўся ад гэтых думак з прыкрасцю, нібы ад думак здрадлівага двайніка. Насуперак ім і свайму здрадніку сказаў рашуча, што гэтак думаў сын годнае літоўскай шляхты год назад - якая яму тады была пакута. Цяпер ён іншы: вольны, незалежны. Усхапіўся з лаўкі, рашуча павярнуўся да дзвярэй, паглядам сутыкнуўся з сустрэчным позіркам як выцвілых на моцным сонцы вачэй у пейзажы злёгку падсмаленых, нібы на тым жа сонцы, бародкі, вусоў і бакаў піцерскага разначынца. Зрабіўшы крок, спыніўся.