Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 27

Віктар Карамазаў

Калі ўжо ліст пайшоў па пошце ў Багданаў, Куінджы абвяшчае, што сваіх вучняў вязе ў Еўропу за свае сродкі, што падарожжа рыхтуецца і пачнецца з двухдзённага знаходжання ў Варшаве, а далей шлях ляжа праз

Берлін, Кёльн, Парыж, Астэндэ, Брусель, Майнц, Страсбург, Базель, Люцэрн, Мілан, Верону, Венецыю, Мюнхен, Вену. Усіх, каго настаўнік браў з сабой у гэтае даволі доўгае падарожжа, ахоплівае радасць. Думкі пра блізкае лета ў Фердынанда мяняюцца, і пра гэта ён адразу паведамляе бацькам у другім лісце, каб не перажывалі за яго зламанае лета, бо хоць і суцяшаў іх тым, што ў вёсцы будзе не горш, як у Еўропе, яны ўсё ж выдатна ведалі яго ранейшы настрой, мару пажыць, папрацаваць пад тым, у Еўропе, сонцам.

Аднак ледзь выслаў другі ліст, як усхвалявала новая неспадзяванка - Сава Мамантаў. Усім вядомы мецэнат у мастацтве купляе "Зімовы млын" і дае за карціну немалыя грошы - шэсцьсот рублёў. Фердынанда гэта і радуе, і прымушае зноў перагледзець сваё падарожжа па Еўропе.

Ехаць ён марыў не як на цікавую экскурсію ці адпачынак, а каб сур’ёзна папрацаваць у новай для сябе прыродзе, на іншых, як дома, паветры ды святле, узбагаціць палітру новымі жывапіснымі сродкамі, больш сакавітым паўднёвым каларытам. Ён разумеў, што для гэтага спатрэбіцца не толькі іншая натура, але і поўная незалежнасць ад нават самых дробных неспрыяльных абставін, ад людзей таксама, жыццё з якімі, калі і было цікавым, патрабавала пэўнай рэгламентацыі, што найбольшую свабоду мог мець толькі на адзіноце з прыродай, не звязаны лішнімі правіламі сваіх паводзін і чужымі жаданнямі. Але калі выявілася, што Акадэмія не купіла "Зімовы млын", што грошай на паездку не будзе, а настаўнік вёз на сродкі са свае кішэні, Фердынанд не мог адмовіцца ад падарожжа сяброўскім гуртам. Цяпер усё зноў мянялася: магчымасць зрабіць доўгае і бязбеднае падарожжа даваў, купляючы карціну, Мамантаў. Што рабіць? Турнэ з настаўнікам і сябрамі таксама прываблівала, ды і няёмка было адмаўляцца. Фердынанд у роспачы. У гэтым стане ён задае сабе пытанне: што атрымаецца ў выніку і ад паездкі з усімі разам, і ад паездкі адзінцом? Адказ быў відавочны: каб не здрадзіць сваёй даўняй задуме, ехаць павінен адзін.

Ёй адсылае ў Багданаў трэці ліст, радуючы бацькоў тым, што "Зімовы млын" прывабіў выдатнага чалавека, знайшоў новага гаспадара, прызнаецца ім пра новыя перспектывы на лета, і збірае ў рэстаране сяброў, з якімі меўся ехаць, шчодра частуе з нагоды ўдалага продажу карціны, хоць абвясціць пра сваю апошнюю задуму падарожжа ў Еўропу не спяшаецца. Гэта, апошняе, зробіць праз некалькі дзён па пошце ўжо з Багданава ў лісце да Куінджы.

Вярнуўшыся ў вёску, Фердынанд пачынае рыхтавацца да самастойнага падарожжа. Была і роспач, што адрываецца ад сяброў, але ціхае, лагоднае для сэрца жыццё ў родным доме, у сваёй сям’і, у прыродзе супакойвала, ды і газеты свежыя яго не забывалі, не абміналі добрым словам. Аўтарытэтная, асабліва сярод палякаў, газета "Кга]", што выдавалася ў Пецярбурзе, змясціла яго першае ў жыцці інтэрв’ю і выказалася сама: