Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 23
Віктар Карамазаў
Альбомчык з замалёўкамі намацаў у кішэні, алоўкам пачаў накідваць абрысы нечаканай казкі, святло ды цені. Малюнак просты быў, але складаныя адценні лёду, рухомыя валёры, блікі ў фігурах з лёду гулялі і як было злавіць на дзюбку алоўка лясное ўлонне, калі яно ўвесь час мянялася?
Назаўтра прыйшоў да млына з фарбамі, рабіў эскізы: адзін, другі - пры сонечным святле, хоць і падманвалася ў хованкі, і без яго. Ужо захаплялі не адны формы з лёду, але і дзіўна сіні снег на першьм плане, пад ім лядовая тэраса ў адценнях перламутру і пад тэрасай цёмная вада, пад сонечнымі блікамі жывая. План, як у "Вясне", шырокі атрымаўся, нібы для Рэпіна, каб пры выпадку зачапіўся, знайшоў і тут заганны ўплыў Еўропы на Расію.
У той час, як над "Зімовым млынам" працаваў, у Пецярбурзе рыхтавалі да адкрыцця другую акадэмічную "Вясновую выставу", і Фердынанд адчуваў абавязковым узяць у ёй удзел з новай карцінай, бо гэтыя выставы былі ідэяй Куінджы і яго вучняў насуперак прынцыпам і формам старых акадэмічных выстаў, адмаўлялі ранейшыя схемы падбору і ацэнкі твораў, выкладкі экспазіцый, складу журы, віталі арыгінальных мастакоў, іх вольны дух, і ён, адзін з самых актыўных вучняў свайго настаўніка, меў непасрэднае дачыненне да іх задумы і арганізацыі. Цяпер жыў не ў сталіцы, у вёсцы, побач з ім ужо не было любімага настаўніка, сяброў-дарадцаў, і пра сябе, што не згубіўся як мастак, усім варта было нагадаць, даказаць, што і ў вёсцы можна быць арыгінальным мастаком. Ды і з сталіцай не хацеў губляць творчыя сувязі.
Калі "Млын" быў напісаны і ўхвалены самым строгім крытыкам - мамай, Фердынанд высылае яго чыгункай у Пецярбург і едзе туды сам.
Сябры заўсёды чакалі яго, бо ведалі, што абавязкова прывязе нешта арыгінальнае, чымсьці здзівіць любога сталічнага гурмана. Чакалі і цяпер. Як толькі карціна з’явілася ў пакоі, у дзверы пастукалі Бровар і Урублеўскі. Першы доўга чухаў патыліцу, разглядаючы не толькі вялікімі вачыма, але і шырака раскрытым ротам, маўчаў, другі загаварыў адразу, як за дваіх:
- Ну, гэтакага не прыдумаеш. Натура, жывая натура. Яшчэ я гэтакага снегу ні ў кога не бачыў. Казка?!
Бровар, як згодны з ім, ківаў галавой ды вымаўляў адзін і той жа гук: