Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 22
Віктар Карамазаў
Тут ужо ёй большага хацелася пачуць:
- Якія ў яго былі пытанні? Пра Фэрдзю? Можа, пра мяне?
- Здзіўляўся, што твая мама з Даніі, што ў сям’і ў нас столькі культур злілося, якою мовай размаўляем у сям’і, ці карыстаемся расійскай.
- А пра сябе ты яму што казаў?
- Ён цікавіўся пра маму. Казаў, што ў Фердынанда душа больш ад жанчыны, але воля мужа. Я быў засумняваўся, і тады ён дадаў, што гэта яго думка.
Як ужо шарэла, стаміўшыся хадзіць па бясконцых залах Эрмітажа, адпачывалі ў партэры цырка, які заўсёды, бываючы ў сталіцы, любіў наведваць бацька. А ўжо наступнай раніцай, снедаючы ў даўніх сяброў сям’і, занепакоіліся, што ўначы захаладала, на дрэвы легла шэрань, зіма ў твар дыхнула, трэба спяшацца ў веску, у свой маёнтак, бо там яшчэ не ўсё гатовае да сустрэчы з зімою - чакала клопату гаспадара.
Цягнік адыходзіў апоўдні. Развітаўшыся з сястрой і бацькам, у Фердынанда знікла ахвота вяртацца на выставу, не хацелася бачыць кагосьці іншага, жаданне з’явілася вярнуцца дадому, зашыцца ў сваім малым пакойчыку, сагрэцца ў думках пра сям’ю, якая ёсць, з бацькамі, і якая будзе, калі дасць Бог, у сваёй багданаўскай прыродзе, у, сваім маёнтку са звыклым рытмам-ладам, з маленства мілым у кожнай дробязі.
Вечар праседзеў адзін, сам-насам з думкамі пра жыццё ў Багданаве, тое, што ведаў, рэальнае, сваё наскрозь, на смак, і тое, якое бачыў на нейкім дальнім плане ў мроях, замглёнае, але і ў замглёнасці прывабнае, жаданае. I бачыў, і як быццам чуў.
О, не! Чуў не як быццам - чуў сапраўды, нават і голас:
Літва! Бацькоўскі край, ты як здароўе тое:
Не цэнім, маючы, а страцім залатое -
Шкада, як і красы твае, мой родны краю.
Тугою па табе тут вобраз твой ствараю.
Злілося, як і раней злівалася ў адно: любімае - Адама Міцкевіча - слова і сваё дыханне. Сядзеў і паўтараў усё тое самае, тое і гэта: "Літва! Бацькоўскі край..."
Калі ўжо клаўся ў ложак, у начной піжаме сеў за стол, разгарнуў запаветны сшытак, які ўранні перагортвала Гануля, і на чыстай старонцы зверху зрабіў яшчэ адно прызнанне, якое вынасіў за гэтыя два дні ў дуты і ў думках:
"... малы свет сям’і непараўнальна даражэйшы за шырокую, але халодную грамадскую арэну".
З гэтымі думкамі і лёг. Доўга ляжаў, не спаў.
6
Каляды Фердынанд сустрэў у Багданаве.
Зіма выдалася цёплая, без тых звычайных, што раней бывалі ў дні гэтага свята маразоў ды снежных завеяў. Краявіды ў наваколлі выглядалі хутчэй падобнымі на вясновыя, а душа жадала зімы сапраўднай. Ну як пісаць калядны пейзаж без снегу?
Злёгку пабеленая ўначы сцежка вывела з вёскі ў засценак Даўкневічы. Вось і знаёмая выспа, за ёю ручай, на ім у гэтым месцы стаяў бацькаў млын, а дзе ён? Няўжо гэтак заседзеўся ў сталіцы, што ўжо свой млын знайсці не можа? Ці трэба падысці бліжэй, каб убачыць? Снегу ў лесе няма нават таго, што ў полі, вакол усё шэрае, злілося ў шэрані, але схіл выспы пад танклявым лёдам коўзкі, быццам памыўся ўранні і не абцёрся, на ветры, усё ж зімовым, абледзянеў. Ступіў як асцярожней, а не ўратаваўся, памчаў лядовай аблівахай з выспы да ручая, нібыта на каньках, і не было за што, ратуючыся, ухапіцца: ні дрэўца, ні кусточка. Рудая купіна, нейкая жменя гліны, як падарунак крата, пад чаравік патрапіла - уратавала. Прысеў над ёю, перахрысціўся і млын блізка ўбачыў. На шківе барабан, вада пад барабанам цёмная, як з каламазі вір, а ўсё над ёю - казка з лёду і святла, з неверагоднага ў ельніку, як на каляднай елцы, зіхацення. Над барабанам рог будынка з старога, гадамі пашчапанага бярвення, страха пад дранкаю, і гэта ўсё таксама, як і барабан, лёдам зацалаванае. Калі б не ведаў, што тут млын, дык мог падумаць, што з глыбіні віра ўсплыла ды стала дыбам нейкая рагатая жывёліна. Адсунуўся ад купіны, на ногі ўзняўся асцярожна, каб зноў не пакаціцца ў вір, на крок-два адышоў. Там - вольха шэрая. Яе рукою абхапіў, смялей агледзеўся, ад смеху аж закалаціўся ці то з сябе, як нетутэйшага, што разгубіўся, ці што ў казку трапіў.