Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 21

Віктар Карамазаў

На трэці дзень выставы прыйшоў дадому позна: дзверы незачыненыя, святло ў пакоі ад газавае лямпы на стале, жанчына за сталом сядзіць, як спіць, галаву звесіўшы над кнігай. Здзівіўся: куды і да каго прыйшоў? I раптам - бацька:

- Хто тут нарэшце?

У ягонай, сынавай, піжаме выйшаў са спальнага пакоя з разгорнутай у руках газетай, газета вылецела на падлогу з рук - аберуч сына абхапіў, і толькі цяпер, з-за бацькавага пляча, Фердынанд пазнаў жанчыну - сястру Ганну: яна ўжо ўсхапілася ад бацькавага голасу, стаяла над сталом, углядалася ў твар брата, і ён, углядаючыся ў яе, не мог пазнаць, яна смяялася ці плакала. Было на твары ўсё разам - радасць.

Прыехалі, каб віншаваць яго. Збіралася і маці, ды прыхварэла. Гануля брата абняла, пацалавала:

- Гэта ад мамы. - I другі раз: - I я віншую.

Бацька падняў з падлогі газету:

- Чытаў, што пра цябе ў "Ведамасцях" пішуць?

- Але ж і вы паспелі прачытаць?

- А мы цяпер чытаем усе газеты. Мама загадала, каб усе, дзе пра цябе што пішуць, куплялі і ёй прывезлі. Усе перачытваем, няма калі працаваць, - смяялася, запальваючы вясёлым маладым настроем брата і бацьку, Ганна.

Наступны дзень для ўсіх траіх пачаўся з выставы. Адразу глядзелі працы Фердынанда, пасля суседнія і зноў яго, усё перагледзелі, што на выставе. Быў Фердынанд за гіда. Пра сябраў, кожнага, казаў ля іх карцін, дзівячыся, як захаплялася ўсім, што паказваў і казаў, сястра, як хутка заўважалі яе вочы жывыя, святлом і колерам выразна выяўленыя дэталі, плямкі, як шчыра на іх рэагавала. Ажно не вытрымаў, сказаў:

- Ты, Ганна, бачыш усё як мама.

Адразу і яна зрэагавала весела:

- А мама бачыць, як Куінджы?

Аж уголас рассмяяўся:

- Ты была б у Архіпа Іванавіча першнм вучнем.

- I ён мяне таксама ўзяў бы ў творчую вандроўку па Еўропе?

- А мы ў яго зараз спытаем.

Да іх якраз ішлі гуртам сябры Фердынанда з Куінджы разам.

- Ты што гэта кажаш, Фэрдзя?.. Не-не!.. Божа, барані, бо я зараз адсюль збягу...

Фердынанд схапіў яе за руку, а тут і сябры падышлі з настаўнікам. Усіх пазнаёміў, паасобку, і з бацькам, і з сястрою. Ганна ўхапілася за братава плячо, прыціхла, а вочы, шыльцы вострыя, маланкава стралялі з-за яго пляча па сябрах, ад іх на Куінджы, даўжэй спыняліся на велічна-прыгожым твары настаўніка, які вёў ціхую размову з бацькам. Калі з выставы выйшлі, у экіпажы па Неўскім ехалі да Эрмітажа, дачка спытала ў бацькі, пра што ён размаўляў з Куінджы. Той праз акенца ўглядаўся ў цікавае яму жыццё на вуліцы, але і ёй уважыў:

- Адказваў на яго пытанні.