Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 20

Віктар Карамазаў

На выставу прыязджае першы эксперт у жывапісе Павел Траццякоў і, не паскупіўшыся грашыма, купляе "Вясну" для сваёй славутай галерэі.

"Вячэрнюю зорку" набывае Акадэмія.

Гучнае прызнанне Рушыца як маладой з’явы ў жывапісе, шматгалосае захапленне яго карцінамі, здавалася, загояць на сэрцы ўсе маральныя раны, прасветляць думкі, адродзяць рамантычныя настроі і задумы, бо яго, амбітнага, заўсёды акрылялі нават і куды меншыя творчыя ўдачы. Але надта моцна былі падрэзаныя крылы ў апошні час, каб усё тое, што іх падразала, адразу выкінуць з галавы, з сэрца. Цяпер гэта не адбылося яшчэ і таму, што якраз у тыя дні, калі па Пецярбургу, па ўсіх яго мастацкіх і не мастацкіх, усялякіх арыстакратычных, нават і блізкіх да царскага двара, салонах гуляла захапленне карцінамі Рушчыца, адміністрацыя Акадэміі паднесла яму яшчэ адну лыжку смалы, абвясціўшы сваё новае рашэнне: у замежную творчую камандзіроўку з вучняў Куінджы едзе адзін Пурвіт.

Гэтая навіна аказалася балючай не толькі для Фердынанда, але і для яго сябра. Пурвіт спяшаецца суцешыць:

- Я не паеду без цябе.

- А я цябе віншую. Ты павінен ехаць.

- Без цябе? Але гэта будзе зусім не тая вандроўка, якою яна магла быць, якой хацелі, пра якую марылі мы з табою.

- Ніхто з нас тут не вінаваты. На гэтай камандзіроўцы свет клінам не сышоўся, - разважыў Фердынанд. - Тым больш, што ёсць заява на гэта Зеўса. Ужо ён абвясціў, што ўсіх сваіх вучняў у Еўропу сам павязе на лета за свае сродкі. Тады мы з табой там, недзе ў Італіі або Іспаніі, на цёплым моры, і сустрэнемся.

Фердынанд нікому не хацеў паказваць свае балючай крыўды, нават і сябру блізкаму. А крыўда была не малой. Акадэмія штогод ганаравала сваіх найбольш таленавітых выпускнікоў творчай вандроўкай па Еўропе, была гэтакая традыцыя, і Рушчыц меў на яе права, што даказвала і апошняя выстава. Пра гэтакую паездку марыў ці не з таго часу, калі, яшчэ вучнем Шышкіна, на сваім другім акадэмічным годзе, прывёз з Крыма эцюды мора і ўсіх імі здзівіў. Шмат хто думаў, што ён на моры вырас: так каларытна, арыгінальна пісаў ваду марскую. Настаўнік прывёў тады і Айвазоўскага, каб паглядзеў яго марыны. Быў у захапленні і Айвазоўскі. Шышкін казаў заўсёды: дзе ваша мора? пішыце мора, гэта ваша стыхія! Прываблівалі мора і паўднёвае святло. Хацелася пабачыць і адчуць іх там, на еўрапейскім поўдні.

Цяпёр, нібы душу згубіўшы, не ведаў, што рабіць. Сябры з выставы гуртам ішлі то ў тракцір, то ў рэстаран, спяшаліся на нейкія сустрэчы, ядналіся ў размовах пра свой далейшы лёс, яднала іх ужо тое, што ўсе, закончыўшы Акадэмію, заставаліся ў сталіцы, адсюль ніхто нікуды ехаць не збіраўся, а ён, мабыць, адзін з усіх прытулку тут ужо не знаходзіў і не шукаў. Душа бегла адсюль. З выставы на вуліцу адзін выходзіў і некуды ішоў. Куды? Не ведаў. Ішоў уздоўж Нявы нібы з заплюшчанымі вачыма, нікога і нічога не заўважаючы, спыняўся, спахапіўшыся, то каля нейкага слупа, ледзь з ім не сутыкнуўшыся, то ад прарэзлівага крыку ліхача, то, не пазнаўшы дома, вуліцы, гадаючы, дзе апынуўся, ішоў далей і зноў спыняўся з пустой, без усялякіх думак, галавой. Пра свой пакой, дзе жыў, успамінаў, калі ўжо ў дамах святлелі вокны, дагэтуль шэрыя, запальваліся ліхтары на вуліцах.