Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 19

Віктар Карамазаў

Яшчэ праз дзень адкрылася выстава. Спачатку ўсё выглядала як на свяце, але нечакана выявілася бомбачка: не аказалася Куінджы, а без яго вучні не ўяўлялі свайго свята.

Чутка, што Куінджы не запрасіла адміністрацыя Акадэміі, сабрала ў гурт дыпломнікаў: гэта ж знявага не аднаму настаўніку, але і яго вучням

- што рабіць? Патрабаваць, каб быў неадкладна? Але ці ёсць ужо на гэта час? Уся Рада, рэктарат, намеснік прэзідэнта Акадэміі граф Талстой стаялі каля ўваходу ў залу абапал высокіх, белых з пазалотаю дзвярэй, чакалі гасцей ад царскага двара, магчыма, і цара самога. З’явілася другая прапанова: пакінуць выставу ў знак пратэсту. Але ж яшчэ не выдаваліся дыпломы? Падышла сакратарка рэктара і папрасіла дыпломнікаў разысціся да сваіх карцін. У адказ на гэта пачула пытанне: якая быць можа абарона дыпломаў без настаўніка? Яна вярнулася ў кола адміністрацыі і ўжо другі раз прынесла тое самае, слова ў слова, як загад. На гэты раз адказу не атрымала - пайшла. Ніхто з дыпломнікаў не варухнуўся, каб той загад выконваць.

Усе прыціхлі ў зале - ні шэптаў, ні размоў. Усе адчувалі штосьці незвычайнае, нечага чакалі.

I раптам праз шырока адчыненыя дзверы хуткім цвёрдым крокам увайшоў, нібы ўляцеў на крылах, парывісты ў чорным смокінгу пад рафінадна-белым высокім каўняром мужчына. Па тэмпераменце, па ўсіх годных жэстах уладны, але не цар, без світы. Не тыя былі і барада з вусамі, і шавялюра, але з дзёрзкай усмешкаю ў вачах - як гаспадар на свяце. Агледзеў усіх бліжэйшых злева, справа. І тут гурт моладзі, які стаяў далей, у адзін голас выдыхнуў:

- Архіп Іванавіч!.. Ура!..

Усе вучні кінуліся з кветкамі да Куінджы: хто абдымаў, хто цалаваў, хто плакаў ад нечаканай радасці. А хтосьці, як пацішэла, звонкім голасам пачаў з ліста зачытваць тэкст удзячнасці:

"... Вы былі сябрам моладзі. Вы верылі ў нас. Будзьце ўпэўненыя, што памяць пра Вас, як пра найлепшага настаўніка, назаўсёды застанецца ў нашых успамінах..."

З выставы вучні Куінджы вязуць любімага настаўніка ў рэстаран і там наладжваюць у яго гонар шыкоўную вячэру. А ўжо назаўтра амаль усе перыядычныя выданні Пецярбурга даюць высокія ацэнкі дыпломным працам маладых мастакоў, іх самастойнасці, арыгінальнасці, жывапіснаму майстэрству, пазбаўленаму акадэмічных схем. Аўтарытэтнае ў краіне "Новое время" пісала: "Такія творы, як "Пры апошніх промнях" Пурвіта, "Вясна" Рушчыца, "Ганец" Рэрыха, "У садзе" Століцы - гэта працы, цалкам зробленыя майстрамі, якія не маюць нічога супольнага з тэмамі краявідаў, раней пісаных па старых методыках у Акадэміі. Колькі новых матываў, новых задач! Тут сапраўды кожны з мастакоў пісаў тое, што хацеў, што хвалявала!.." I далей: "Ф. Рушчыц выставіў чатыры краявіды, з якіх найлепшыя - "Вясна" і "Вячэрняя зорка", але асабліва добрая - "Вясна", сакавіта і шырока намаляваная, перадае дасканала асветлены вясновым сонцам снег, які не скрозь яшчэ растаў, з празрыстым ручаём і засмужанымі ад вільгаці далячынямі. У "Вячэрняй зорцы" яшчэ больш настрою, больш карціны..." Не адставалі ў сваіх захапленнях ад прац Рушчыца і іншыя выданні.