Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 18

Віктар Карамазаў

- Ну а з чаго бярэцца? Па праўдзе ж гэтага з ім не было?

- Ну як з чаго бярэцца? З жыцця. - Спакойна разважыў, як пра звычайнае, Пурвіт. - Мо каршука таго і не было, але ж ты ведаеш, што перажыў Зеўс у маленстве, яго галоднае сіроцтва без маці ды без бацькі. Бяды там, у сваім стэпе, нахлябтаўся. З яе каршук і вылепіўся. А мы з табой, кожны мастак, хоць у жывапісе, хоць у скульптуры, хіба не гэтак, на палатне ці з гліны, вылепліваем фактуру, вобразы? Хіба не з усяго таго, што бачым ды перажываем у жыцці? Гэтак і сон працуе, як мастак.

Доўгіх размоў Пурвіт звычайна не любіў, яны яго стамлялі, але ця­пер з’явілася ахвота выгаварыцца, і Фердынанд гэта адчуў, прапанаваў заглянуць у тракцір, да якога якраз падышлі. Пад музыку, падобную на стогн шарманкі, за кухлямі піва размова зноў вярнулася да выставы, што ад яе чакаць.

- Адміністрацыя помсціць Зеўсу, але ўжо праз нас, ягоных вучняў, бо самога ўкусіць не можа, - задумаўся ўголас Вільгельм. - Яна не церпіць тых, хто з ёй не згодны, у каго ёсць свая думка.

- I нават тады, як з ёю не згодны геній?

- А ёй навошта геніі? Ёй гэта не галоўнае - бездар ці геній. Ёй галоўнае, які ў мастака хрыбет, гнецца або не.

- А Рэпін?.. Не з тых, каб лёгка гнуўся, і ўсё ж...

- Улада не можа адрынуць ад сябе ўсіх. З ім ёй лягчэй, як з Зеўсам. Рэпін здзівіўся, абурыўся: як можна гнаць Зеўса з Акадэміі, калі ён дае Расіі выдатных мастакоў? Яго абурэнне ўсе пачулі. А што далей? Ён усё ж не кінуўся да графа або вялікага князя, каб Зеўса бараніць? Хоць мог. Меў права і сілу. Павінен быў.

- Дык хто тады і ты, і я, паміж адміністрацыяй і Зеўсам? Усе мы, яго вучні? Ахвяры? Мука ў жорнах?

- Для адміністрацыі - мука, але не для Зеўса. Ён хоць і ў цяжкім становішчы, але нас, кожнага, бароніць як сваіх дзяцей. А ты...

- Што я?.. - усхапіўся Фердынанд.

- Не гарачыся. Сядзь. - Вільгельм мякка ўсміхнуўся, у імгненным парыве сябра ўбачыўшы яго ўсяго, знутры.

- Я быў падумаў, што ён з намі ўжо не гэтакі адкрыты, як быў раней, што кажа, а што і не. Спытаў у цябе, ці згодны ты са мною.

- А не думай тое, чаго не можа быць.

Пурвіт, як істы балт-латгалец, са словам выпадковым або камусьці непрыемным не спяшаўся, меў вытрымку даўжэй падумаць, халоднай галавой узважыць, стрымаць імгненныя пачуцці. Фердынанд над сваімі эмоцыямі ўлады гэтакай не меў, няшчырасць, у каго б яе не заўважаў, перажываў мацней, даўжэй. Несупадзенне характараў не раз’ядноўвала, наадварот збліжала, давала ў сяброўстве раўнавагу, нават і ратавала неаднойчы ў выбары і думак, і ўчынкаў.

З тракціра выйшлі - абняліся і з мірам-ладам, па-сяброўску, разышліся.

Наступны дзень абодвух сагрэла немалая радасць. У майстэрню, дзе сабраліся амаль усе калегі, чакаючы з канцылярыі апошняе рашэнне, у які з бліжэйшых дзён адбудзецца абарона дыпломаў і адкрыецца выстава, прыйшла афіцыйная, ад сакратаркі, вестка, што ўзгоднены загад па Акадэміі аб замежных творчых камандзіроўках: паедуць чатыры дыпломнікі, у ліку якіх Пурвіт і Рушчыц. У той жа вечар шчасліўчыкі наладзілі ў рэстаране пачастунак для сяброў, засмуткаваўшых, што едуць не яны.