Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 17
Віктар Карамазаў
Успомніў Зеўса, яго навуку, і супакоіўся.
5
А ўсё ж патрэбнага спакою не было.
Апошнія дні перад выставай дыпломных работ адно звонку выглядалі бесклапотнымі, зацішнымі. Штосьці дапісваць ці перапісваць было позна, а думкі пра новыя матывы, сюжэты, вобразы не хвалявалі. Фердынанд завесіў палатном мальберт, пачысціў і працёр алеем палітру, усё лішняе прыбраў вакол мальберта і да яго не падыходзіў. Хацелася бегчы на свежае паветра, на сонца, але за вокнамі лілі халодныя, нібы ўвосень, дажджы, калегі ў чаканні адкрыцця выставы збіраліся ў майстэрнях, і тут размовы былі адны: хто ды што чуў ад чальцоў Рады пра работы, з якімі былі ўжо знаёмыя. Насцярожвалі думкі супярэчлівыя, хоць заўважалася і тое, што выказванні графа Талстога або Рэпіна рабіліся абавязковымі для іншых у Радзе. Да Рушчыца падышоў выкладчык Кісялёў і пра "Вясну" сказаў тое самае, што ўжо чуў ад Рэпіна, пра надта шырокі пярэдні план і ўплыў замежных еўрапейскіх мастакоў. Калі Фердынанд паспрабаваў давесці, што дэталёвая выпіска пярэдняга плана можа змазаць адносіны паміж танамі, той, яго ці не пачуўшы, ці не зразумеўшы, нагадаў шведа Цорна, які ў партрэтах дакладна выпісваў твар і рукі, астатняе быццам не заўважаў, што гэтакая манера выпіскі нам, у Расіі, непрымальная. I ўсё гэта пра Цорна, пра яго тэхніку пісьма, Фердынанд чуў раней ад Рэпіна.
Зайшоў у майстэрню Куінджы, паведаў, што абурыла Шышкіна ў работах Багаеўскага, удала пераймаючы манеру Шышкіна штосьці даказваць: "Вы бачылі? З паперы выразаныя хвігуры! I чым выразаныя? Нажніцамі! Чыімі? Ну толькі не рускімі..."
Здзівіліся ўсе: Шышкін заўсёды хваліў Багаеўскага - што здарылася? Быў, можа, вымушаны гэтак сказаць?
- Ну, калі гэтак сказаў граф Талстой або Рэпін, то паўторыць, нікуды не дзенецца, і нават Шышкін.
Фердынанду падалося, што заўсёды шчыры з вучнямі Зеўс на гэты раз не ўсё кажа, што думае, бо ў гэтакім выпадку абысціся іроніяй, без абурэння свайго магутнага тэмпераменту, не мог. Абураўся і тут, але з лёгкай усмешкаю спагадлівага або пакрыўджанага чалавека.
Калі Рушчыц і Пурвіт выйшлі з Акадэміі на вуліцу, Фердынанд спытаў у сябра:
- А Зеўс нам можа здрадзіць?
Спыніліся, дапытліва глядзелі адзін аднаму ў вочы.
- Думаеш, што гэтакае можа быць?
Фердынанд не вытрымаў халоднага позірку Пурвіта, аберуч схапіўся за твар, хаваючы вочы.
- Прабач, Вільгельм. Я ў гэта не веру. Спытаў таму, што гэтага баюся. Калі раптам яшчэ і гэта... тады... тады ўжо смерць нашаму ўсяму мастацтву.
- Тут, у Акадэміі, у апошні час, для гэтага ў яго былі ўсе ўмовы. Шмат хто пры ўладзе гэтага ад яго чакаў. I граф, і нават вялікі князь. Але ён нам не здрадзіў. I больш нават за тое. Абараняў, як мог, сваім усім ахвяруючы.
Падышлі да парапета набярэжнай, спыніліся, глядзелі на ваду.
- Аднойчы ён успамінаў свой сон. Цябе тады з намі не было, ты быў у вёсцы. Ляжыць, яшчэ малы, хлапчук, у сваім родным стэпе пад гарачым сонцам, на спіне, глядзіць у неба. А ў небе агромністы каршук кругамі ў яго над галавою ходзіць і ўсё зніжаецца, крывою дзюбаю ляскоча. I раптам каменем кідаецца яму на грудзі. Малы, як можа, адбіваецца, а той ужо разрывае кіпцюрамі грудзі, шукае, каб вырваць, сэрца. I раптам Зеўс прачынаецца, мокры ад поту, як ад змагання. I ўсё жыццё, кажа, гэты жахлівы сон яго пільнуе.