Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 16

Віктар Карамазаў

Фердынанд ніякавата адчуваў сябе, калі яму ў твар хвалілі яго работы, хвалы ні ад каго не чакаў, быццам не верыў у яе шчырасць, хоць увагу і павагу да сябе як да мастака цаніў заўсёды і нават патрабаваў, але цяпер перад ім быў Вільгельм Пурвіт, і, крануты яго шчырасцю, эмоцый не стрымаў: абхапіў і расцалаваў сябра. Калі ж той пайшоў, паставіў на мальберт "Вячэрнюю зорку" і плямку святла, якую доўга шукаў, знайшоў адразу.

Увечары, вярнуўшыся з майстэрні дадому, адчуў жаданне камусьці блізкаму выліць з душы радасць. Але каму? Побач ні мамы, ні Лізы, ні Вільгельма. Сеў за стол, разгарнуў сшытак і зрабіў запіс:

"16. 09.

Хачу яшчэ раз, іначай, намаляваць Фаўна. Малы эскіз зраблю ў іншым колеры".

3 падвышаным настроем пражыў і дзень наступны. Прыходзілі сябры, з яго майстэрні разносілі па Акадэміі сваё захапленне "Вясной" і "Фаўнам". Пад іх уплывам да Фердынанда завітаў і Рэпін. Асцярожна, як нечага асцерагаючыся, прачыніў дзверы, нячутна, мяккім крокам, пераступіў парог, агледзеўся, заўважыў на мальберце "Фаўна" і падышоў, ужо не азіраючыся, бліжэй. Фердынанд стаяў воддаль каля акна, вачэй з нечаканага госця не зводзіў, а той, быццам яго не заўважаючы, стаяў, не рухаючыся, перад карцінай. Нарэшце павярнуўся да гаспадара майстэрні і загаварыў:

- Цудоўная работа. Я пра яе чуў. Усе хваляць. I мне яна таксама падабаецца. Нават вельмі. Віншую вас. Але вы, кажуць, тут хочаце штосьці перапісаць? Я не раю. Вы занадта да яе прыгледзеліся. Гэтак бывае з кож­ным мастаком. Вам трэба на нейкі час пра яе забыць. - Перавёў позірк на "Вясну", якая стаяла збоку, і нечакана весела, зусім у іншым настроі, як малады, усклікнуў: - Этс!.. Таксама ўсё і свежае, і чыстае! - Над галавою выкінуў руку і пальцам паказаў на столь, пасля тым пальцам зноў на "Фауна": - А што?.. Магчыма, вы... - Як перадумаўшы, ніжэйшым голасам: - Не, усё ж не спяшайцеся. - Звярнуў увагу на "Трытонаў" і вусны скрывіў, паказытаў пальцам у носе, пачмыхаў: не спадабаліся. Заўважыў вышэй эцюды: - Арыгінальныя. - Вярнуўся да "Вясны" і разглядаў даўжэй, як першы раз. Спытаў: - Вы лічыце работу закончанай?

- Адразу і прадоўжыў, як без жадання чуць, што на яго пытанне адкажа аўтар: - Ну так-с, так-с, так-с... вядома, што еўрапейскія мастакі далей у гэтай стадыі ўжо не працуюць.

Апошнія словы мэтра засмуцілі Фердынанда. Магчыма, што Рэпін на гэтакую рэакцыю разлічваў, бо, іх вымавіўшы, адразу развітаўся.

Застаўшыся адзін у майстэрні, Фердынанд даў волю і нервам, і самалюбству: каго папракнуў з пальцам у носе - Еўропу або аўтара? Ківок зрабіў не толькі на недаробкі, якія можна знайсці ў любога мастака, але і на тое, што ў аўтара, паляка, заходнія манеры, дух? А што заходняе ў "Вясне"? Шырокі пярэдні план? А ў "Трытонах"? Уплывы Бёкліна? Для мастака Расіі гэта забароненая вольнасць? А хто дае ці не дае дазвол? Акадэмія? Рэпін? А Куінджы не мае права? Пра шырокі план ды Бёкліна казаў і ён, але не павучаў, не папракаў: "Я так спяваю, а вы іначай". Даваў права на гэта вучню, спакойна, ды і з цікавасцю глядзеў на тое, што вучань сам адчувае меру ўсім на сябе ўплывам, заходнім і ўсходнім, на самастойнасць мае права.