Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 15

Віктар Карамазаў

- Я бачыў Фаўна ў сне іншым.

Настаўнік насцярожыўся:

- У іншым ракурсе?

- Іншым увогуле. Нават не Фаўнам.

- Не раю вам цяпер пра гэта думаць. Вы доўга яго выношвалі, і любы іншы атрымаецца на гэтага, што ёсць, падобным. Усё, амаль усё, што для карціны трэба, вы знайшлі.

Думка настаўніка, аднак, не супакоіла і Фердынанд сказаў, што ў пейзажы перад вечаровай зоркай не горш глядзелася б каханка Фаўна. Куінджы хітра прыжмурыў адно вока, як рабіў, шукаючы схаваную загадку вучня, другім уставіўся ў яго твар.

- Вы знайшлі прывабную мадэль?

Ён не любіў бачыць маладых мастакоў разгубленымі, нясмелымі, але грунтоўным вопытам псіхолага карыстаўся асцярожна, і тут, доўга не чакаючы адказу на сваё прамалінейнае пытанне, загаварыў як пра сябе:

- Мора!.. На ім і я пакутаваў неаднойчы, як быў малады. Яно на ўсіх нас гэтак дзейнічае. Яго ўбачыш і адразу чуеш прывабны жаночы голас, які жыве ў кожнай марской хвалі. Тут шмат сонца, волі, чысціні. Тут абуджаецца і гіне шмат сэрцаў маладых рамантыкаў...

Назаўтра, пасля той размовы, Фердынанд не падыходзіў да свайго Фаўна. Яшчэ праз дзень яго з мальберта зняў, паставіў "Трытонаў". У "Трытонах" таксама мора, яно было напісанае, але саміх трытонаў яшчэ шукаў. Меў малюнак з натуры маладога трытона, стары быў у эскізе, пасля пакут над кампазіцыяй была і падтрымка Куінджы: "Ну цяпер вы патрапілі..." Але настаўнік пакуль што ўсё бачыў паасобку: мора, грот, трытонаў. Чакаў, што скажа пра кампазіцыю, агульны тон і каларыт. Насцярожвалі сябры размовамі пра ўплывы Бёкліна. А як у працы над фантастычным сюжэтам абысціся без вопыту швейцарца, усімі прызнанага класікам жанру? Колькі разоў пераглядаў яго работы ў Эрмітажы, разварушваючы ў сабе энергію фантазіі, але ж і рысу пільнаваў, якую нельга пераступіць, як хочаш быць арыгінальным, самастойным. Найбольшая складанасць была ў тым, што трытоны - людзі і рыбы, вадзянікі з хвастамі, плаўнікамі: чаго ім, кожнаму, даць болей або меней, людскога або рыбінага, каб атрымалася карціна не толькі з жыцця марскога царства, Нептуна ды Галатэі, у свіце якіх трытоны, але і чалавеку блізкаю, цікаваю? Як абысці, працуючы над ёй, "Бітву кентаўраў" або "Пана" Бёкліна?

Убачыць у карціне, якую пішаш, адразу ўсё, што ў ёй павінна быць, не ўдаецца, увесь час, калі працуеш, узнікае штосьці новае перад вачыма, у думках, адчуваннях, кожны мазочак, настроі і дэталі залежаць ад мазкоў, дэталяў і настрояў іншых, ад таго, як тыя атрымаюцца пад пэндзлем. Ледзь напісаў-перапісаў адно - узнікае патрэба напісаць-перапісаць другое. Пільнуе вечнае сумненне: так ці не так адчуў, убачыў і зрабіў? А то здаецца: усё не так, як трэба. Адвернешся ад палатна як ад нялюбага, чужога, за іншае ўхопішся, але пра тое думаеш.

Да "Вясны" з палітрай ужо не падыходзіў, адно ўзяўся паўтарыць яе ў меншым фармаце для Куінджы. Калі закончыў і копію, прыйшоў Пурвіт, паставіў абедзве работы побач і доўга разглядаў іх, як параўноўваў адну з другой.

- Ну што тут скажаш? - развёў рукамі. - Рушчыц - сама вясна.