Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 14

Віктар Карамазаў

Але ў сталіцы жыццё кацілася па ііііііых, як у вёсцы, правілах, прадбачыць нават бліжэйшы дзень наперадзе ўдаецца далёка не заўсёды, і падысці да палатна змог толькі на сыходзе лета. Той дзень таксама адбіўся ў сшытку: "18. 08. 1897.

Вечар. Вецер сціх. Сонца зайшло...

А хвалі ўсё нясуцца ды нясуцца. Разбіваецца адна, накатваецца другая. Гэта, здаецца, не толькі музыка мора. Далятаюць і незямныя гукі свірэлі Фаўна, які выйшаў з лесу на бераг і ўплятае свае трэлі ў музыку вады. Сядзіць на скале ды грае, углядаючыся ў самотна замглёную зорку-вечарніцу...

Гэта мой Пан..."

Наступны запіс:

"20. 08.

Працую над Фаўнам".

Наступны:

"24. 08.

Пішу толькі Фаўна. Карціна мне падабаецца. Не ведаю, што скажа Куінджы, але працую з захапленнем..."

Яшчэ праз тры дні:

"Малюю натуршчыка для маладога трытона. Быў Куінджы. Да "Трытонаў" даў некалькі падказак. Пра "Фаўна" маўчаў. Я скіраваў размову. Тады ён сказаў, што замнога фіялетавага (пена), а мора занадта светлае. Узяў фарбы і перапісаў фальшывыя таны. Для пены падабраў прыгажэйшы колер. Цяпер цямнейшы далягляд адразаецца ад неба. Гэта добра, але не тое, што я хацеў перадаць у карціне".

Шукаць новае нялёгка заўсёды, Яшчэ цяжэй, калі пошукі вучня не заўважае настаўнік. Фердынанд шукаў бемолевае святло, а Куінджы, геній святла, хоць і падказаў выдатны тон, ды не той, якім пакутаваў аўтар. Што ў гэтакім выпадку рабіць? Пагадзіцца з настаўнікам або шукаць далей сваё? Настаўнік, магчыма, палічыў, што вучню яшчэ не па сілах знайсці вельмі складаны тон і, ведаючы, які самалюбівы вучань, ягоны пошук нібыта не заўважыў, па сутнасці не падтрымаў, прапанаваў здаволіцца сваёй падказкаю? У Фердынанда стае рашучасці шукаць і адшукаць тую няўлоўную, здавалася, бемолевую гармонію ў прыродзе і на палатне. Куінджы здзіўлены, уражаны, абяззброены: "Рабіце як бачыце і адчуваеце. Я так спяваю, а вы - іначай".

Разам з настаўнікам Фердынанд шукаў і неба ў "Фаўне". Як быццам тое знайшлі, што трэба, але, застаўшыся адзін у майстэрні, у час адпаведнага, як на карціне, святла, калі вечарэла, Фердынанд ставіў карціну насупраць канапы, клаўся на канапу, каб быць на адным узроўні з Фаўнам, і глядзеў на мора ды неба ў карціне, бачыў усё роўна як вачыма Фаўна і ўсе настроі, музыку пейзажа адчуваў нервамі ды скураю свайго героя. Гэтак заўважаў штосьці яшчэ, чаго карціне не хапала. Падхапіўшыся, клаў новыя патрэбныя мазочкі, удакладняў танальнасць.

Бывала, што, працуючы, чуў за сцяной жаночы або жаночы і мужчынскі галасы. Тады, адарваўшыся ад карціны, ад Фаўна, блізка бачыў Лізу, быццам пісаў яе партрэт. Шкадаваў, што не адважыўся на гэта там, на моры, калі яна была з ім у лёгкай белай сукенцы, у адпаведным тону сукенкі капялюшыку з бежавай, пад колер прыгожых валасоў, стужкай, калі сядзела з кнігаю казак на каленях.

Аднойчы, думаючы пра Лізу, захацелася напісаць яе замест Фаўна. Прыйшоў Куінджы. Ледзь не прызнаўся яму ў гэтым сваім жаданні, але спахапіўся і сказаў не зусім тое: