Читать «Зямля Фердынанда» онлайн - страница 13
Віктар Карамазаў
"Я быў шчаслівы. Мне не хапала аднае істоты, якую мог бы прытуліць да сэрца, і калі не словамі, дык пачуццём аддаць ёй часціну радасці, якая поўніла мяне".
Дык хіба не гэтыя адчуванні пасля прачнуліся ў Лёхмэ, а цяпер у Багданаве? Зноў, ужо тут, пачуў і Шуберта, і Вагнера. У душы, у сэрцы прачнуўся Фаўн.
Усё гэта ў ім адчула маці?
Ледзь дачакаўся раніцы. Як пачало світаць, калі яшчэ ўсе ў доме спалі, ён ужо быў у садзе, збіваў расу з маладой травы.
Далей за садам, у тым месцы, дзе пісаў "Вясну", выйшаў да ручая. Вясна цяпер была не тая, што на карціне, ні снегу, ні лёду - зазелянела ўсё навокал. Агледзеўся - падумаў: гэты куток прыроды пісаць можна ўсё жыццё ў розныя поры года, ва ўсякае надвор’е, у настроях розных, і кожны напісаны пейзажык будзе мець сваю ўласную мелодыю. Калі, вядома, тут жыць і кожны дзень гэтым куточкам дыхаць.
Вярнуўшыся з лесу дадому, узбег на ганак - насустрач маці дзверы адчыніла:
- Што гэтак рана ўсхапіўся?
- А тата ці прачнуўся?
- Збіраецца ў поле. Ужо трэба бульбу абганяць.
- Спачатку хай адвязе мяне ў Солы на цягнік.
- Ужо едзеш? - здзівілася яна. - Яшчэ ж ты Фаўна не пачынаў пісаць?
- Ну, супакойся, мама. Цяпер ужо напішу і ў сталіцы. Галоўнае, што тут я зразумеў, як мне яго пісаць, з’явілася ахвота працаваць. Астатняе ўсё - тэхніка.
4
Фердынанд глыбока адчуваў музыку і жыць без яе не мог. Яна абвастрала адчуванне жывапісу.
"...фарбы патухлі, і прырода, быццам пасля апошняга руху смычка, трымціць у бемолевых гуках змяркання".
Бемолевая танальнасць стрыманая, паніжаная, у ёй загадкавая, не да канца выяўленая мелодыя, найсаладзейшая тонкай душы мастака.
"Бемолевы тон світання..."
У гэтых танах ён пісаў "Вясну", а цяпер адчуваў "Вячэрнюю зорку" з Фаўнам. У іх лёгка знаходзіў паразуменне з прыродай, сваё з ёю адзінства. Усё гэта ведала маці, таму і падказала пісаць Фаўна пачуццямі да паненкі Лізы. Падказкаю захапіўся адразу, бо яна была яму арганічная. Вяртаючыся з Багданава да свайго ў Акадэміі мальберта, ён рады быў, што вобраз адчуў пластычна, у каларыце, і гэтая ўпэўненасць будзіла жаданне хутчэй узяць у руку палітру.