Читать «Пярсцёнак Тота» онлайн - страница 4

Артур Конан Дойль

Вансітарт Сміт памкнуўся быў да яго, каб патлумачыць, як ён тут апынуўся, і папрасіць вывесці яго праз чорны ход. Але калі чалавек увайшоў у залу, у яго рухах было столькі таямнічасці, што ангелец стрымаўся. Гэта быў не звычайны абход. Служка быў абуты ў мяккія тапачкі, ступаў на дыбачках і азіраўся па баках, а святло лямпы трымцела ад яго ўсхваляванага подыху. Вансітарт Сміт зноў заціснуўся ў кут і пільна сачыў за ім, перакананы, што тут нейкая таямніца ці нават злачынства.

Цяпер служка рухаўся ўпэўнена. Ён імкліва падбег да вітрыны і, дастаўшы ключ з кішэні, адчыніў яе. З верхняй паліцы дастаў мумію і з вялікай пяшчотай і хваляваннем паклаў на падлогу. Побач паставіў лямпу і сеў каля яе ў позу лотаса. Дрыготкімі пальцамі ён пачаў разгортваць сувоі савана. Калі апошнія слаі палатна былі знятыя, моцны водар ахапіў залу і араматычныя палачкі ўпалі на мармуровую падлогу.

Джон Вансітарт Сміт зразумеў, што гэтую мумію яшчэ ніколі не разгортвалі. Дзея неверагодна займала яго. Сачыў ён з цікаўнасцю, і ягоная птушыная галава паволі высоўвалася з-за дзвярэй. Калі ж нарэшце апошні слой быў зняты з чатырохтысячагадовай галавы, ён ледзь стрымаў вокліч захаплення. Каскад доўгіх чорных бліскучых валасоў спадаў на рукі служкі. Далей з-пад тканіны паказаўся нізкі белы лоб з далікатна выгнутымі бровамі. Нарэшце адкрыліся яркія, глыбокія вочы з пышнымі веямі, нос ідэальнай формы і салодкі пачуццёвы рот. Твар быў незвычайнай прыгажосці, і толькі пасярод ілба цямнела нейкая карычневая пляма. Зрэнкі Вансітарта Сміта павялічыліся, і ён працягваў утароплена глядзець, ціўкаючы ад задавальнення.

Аднак гэта было нішто ў параўнанні з тым, што адчуваў служка. Ён узняў рукі ў паветра, выбухнуў чаргой шурпатых словаў, схіліўся над муміяй, абняў і пачаў цалаваць яе вусны і бровы.

— Мая маленькая! — прастагнаў ён па-французску. — Мая бедная дзяўчынка!

Ягоны голас быў поўны пачуцця, незлічоныя зморшчынкі дрыжэлі і перапляталіся, але бліскучыя вочы — навуковец бачыў гэта ў святле лямпы — былі ўсё такія ж сухія, як дзве сталёвыя пацеркі. Праз некалькі хвілінаў ён схіліў сутаргавы твар над прыгожай галавой. Раптам пасміхнуўся, прамовіў нейкія словы на незнаёмай мове і рашуча ўстаў.

У цэнтры залы была круглая вітрына, за якой знаходзілася калекцыя пярсцёнкаў і каштоўных камянёў ранняга Егіпта. Служка падышоў да яе і адчыніў. Збоку ён паставіў лямпу і маленькі гліняны збанок, што дастаў з кішэні. Пасля ён узяў з вітрыны жменю пярсцёнкаў і з сур’ёзным выразам твару пачаў змазваць адзін за адным вадкасцю са збаночка. Ён расчаравана адкладаў адны і браўся за іншыя. Адзін з іх, масіўны пярсцёнак з вялікім крышталём, ён з жарсцю схапіў і пачаў націраць. І тут жа радасна выгукнуў і ўзмахнуў рукой, зачапіўшы збанок з вадкасцю, што расцяклася па падлозе ледзь не да таго месца, дзе хаваўся містэр Сміт. Служка дастаў чырвоную насоўку і, выціраючы, наблізіўся да кута, дзе праз хвілю сутыкнуўся тварам да твару з сваім назіральнікам.