Читать «Пярсцёнак Тота» онлайн - страница 6

Артур Конан Дойль

Гэта быў маленькі пакойчык, нібыта прызначаны для кансьержа. Полымя іскрылася праз засланку каміна. Збоку стаяла кушэтка, насупраць грубае драўлянае крэсла, а пасярод круглы стол, на якім засталіся рэшткі вячэры. Акінуўшы вокам пакой, наведнік адзначыў, што ўсе прадметы ў пакоі належалі да антыкварыяту выкшталцонага майстэрства. Кандэлябры, ваза над камінам, прылады для вогнішча, арнамент на сценах — усё гэта было з далёкай мінуўшчыны. Чалавек з цяжкім калючым позіркам сеў на край ложка і паказаў госцю на крэсла.

— Можа, у гэтым ёсць рацыя, — сказаў ён на бліскучай ангельскай. — Можа, напраўду варта пакінуць пасля сябе аповед як папярэджанне ўсім, хто паставіць уласны розум вышэй за законы прыроды. Я пакіну яго вам. Можаце скарыстацца ім як вам будзе заўгодна. Я кажу вам гэта на парозе ў іншасвет.

Як вы здагадаліся, я егіпцянін — не з рабоў, што цяпер насяляюць дэльту Нілу, але адзіны нашчадак таго магутнага і жорсткага народа, што ўтаймаваў габрэяў, адсунуў эфіопаў назад у паўднёвыя пустэльні, стварыў усе велічныя шэдэўры, што выклікаюць зайздрасць і захапленне нашчадкаў. Я нарадзіўся ў часы праўлення Тутмаса, за сямнаццаць стагоддзяў да нараджэння Хрыста. Вы адхіснуліся. Пачакайце, і вы пабачыце, што я выклікаю хутчэй жаль, чым жах.

Мяне завуць Сосра. Мой бацька быў галоўным святаром Асірыса ў вялікім храме Аварыса, што знаходзіцца цяпер ва ўсходняй частцы дэльты Нілу. Я выхоўваўся ў храме і вучыўся ўсім тым містычным мастацтвам, пра якія гаворыцца ў вашай Бібліі. Я быў здольным вучнем. Да шаснаццаці гадоў авалодаў усім, чаму мяне мог навучыць мудры святар. Далей я вывучаў таямніцы прыроды самастойна і не з кім не дзяліўся сваімі ведамі.

Ні над чым я так доўга не працаваў, як над прыродай чалавечага жыцця. Я занурыўся ў вывучэнне законаў прыроды. Тады задачай медыцыны было знішчэнне хваробы ў перыяд яе ўзнікнення. Але мне здавалася, што можна вынайсці сродак, які ўмацуе цела ад слабасці і смерці. Няма сэнсу пераказваць усе мае доследы. Вы ўсё адно не зразумееце. Я праводзіў эксперыменты часткова на жывёлах, часткова на рабах, часткова на самім сабе. Нарэшце я атрымаў рэчыва, якое пры ўвядзенні ў кроў умацоўвала цела ад хваробаў, старасці і смерці. Яно не даравала абсалютнага бяссмерця, але працягвала жыццё на тысячагоддзі. Я правёў дослед на котцы: зрабіў ёй ін’екцыю, а пасля даваў самыя смяротныя атруты. Котка да гэтай пары жыве ў Ніжнім Егіпце. Ніякага чараўніцтва. Проста хімічнае вынаходніцтва, якое можна паўтарыць і цяпер.

У маладосці неяк вельмі востра любіш жыццё. Мне тады здавалася, што я пазбегнуў усіх чалавечых клопатаў, пераадолеўшы боль і адсунуўшы смерць на няпэўны тэрмін. Са спакойнай душой я ўвёў рэчыва сабе ў вену. Пасля я падумаў, каго б яшчэ ашчаслівіць. Мне быў даспадобы малады і сур’ёзны святар Тота на імя Пармс, які заслужыў маёй увагі праз сваю вернасць навуцы. Я раскрыў яму таямніцу і, з яго згоды, укалоў яму эліксір. Цяпер, думаў я, са мной заўжды будзе сябра аднаго са мной веку.