Читать «Пярсцёнак Тота» онлайн - страница 3
Артур Конан Дойль
Навуковец зноўку зашыўся ў ціхі кут і вярнуўся да сваіх занатовак. Ён вышукваў патрэбную інфармацыю з папірусаў, і яму заставалася толькі запісваць, пакуль усё не выветрылася з памяці. Нейкі час аловак спрытна вандраваў па паперы, але з цягам часу радкі папаўзлі ўніз, словы зрабіліся размытымі, і ўрэшце аловак упаў на падлогу, а галава навукоўца схілілася на грудзі.
Стомлены дарогай, ён так моцна заснуў у сваім зацішным кутку за дзвярыма, што ані бразганне аховы, ані крокі наведнікаў, ані хрыплы званок, што сігналізаваў пра закрыццё музея, не змаглі абудзіць яго.
Змрок перайшоў у цемру, сумятня на вуліцах сунялася, апоўначы пачуўся звон з Нотр-Дама, і толькі цёмная адзінокая постаць містэра Сміта хавалася ў маўклівай цемрадзі залы. Недзе каля гадзіны ночы Вансітарт Сміт глыбока ўздыхнуў і прачнуўся. Спачатку ён падумаў, што заснуў ва ўласным кабінеце. Але пры ясным святле месяца ягоныя вочы хутка прабегліся па бясконцых шэрагах мумій і напаліраваных вітрын, і стала зразумела, дзе ён і як сюды трапіў. Нервы яго былі ў парадку. У яго нават была асаблівая слабасць да нечаканых прыгодаў. Расцягнуўшы вусны ва ўсмешцы, ён паглядзеў на гадзіннік і захіхікаў. Гэты выпадак паслужыць займальнай показкай для яго новай работы і разбавіць грувасткія і глыбакадумныя развагі. Ён крыху змерз, але пачуваўся бадзёра. Не дзіўна, што ахоўнікі не заўважылі яго за цёмнымі дзвярыма.
Яго ўразіла глыбокая цішыня. Ні ўнутры, ні вонкі не было ні гуку. Ён быў сам-насам з мерцвякамі мёртвай цывілізацыі. А за вокнамі стракацеў горад дзевятнаццатага стагоддзя! Ва ўсёй залі не было ніводнай рэчы, пачынаючы ад засохлага зерня пшаніцы і заканчваючы скрынкай з фарбамі, узрост якой не налічваў бы чатырох тысяч гадоў. Гэта ўсё былі абломкі імперыі, выкінутыя на бераг акіянам часу. Гэтыя парэшткі былі прынесеныя сюды з вялікіх Фіваў, высакароднага Луксора, з цудоўных храмаў Геліёпаліса, з сотняў разрабаваных магільняў. Навуковец акінуў позіркам доўгія маўклівыя постаці, што паблісквалі ў змроку, постаці працаўнікоў, што супакоіліся ў вечным адпачынку, і застыў у пашане і одуме. Нязвыклае пачуццё ўласнай нікчэмнасці агарнула яго. Адхіліўшыся на спінку крэсла, ён летуценна паглядзеў у далячынь калідораў, залітых срэбрам месячнага святла. Недзе ў канцы калідора ён заўважыў жоўтае святло лямпы.
Джон Вансітарт Сміт выпрастаўся і замёр. Святло паволі набліжалася, час ад часу спынялася і зноў пасоўвалася далей. Чалавек, што нёс лямпу, рухаўся бясшумна. У мёртвай цішыні не было і намінкі на крокі. У галаве ангельца пранеслася думка пра рабаўнікоў. Ён заціснуўся ў кут. Цяпер лямпа была ў суседняй зале, але крокаў усё яшчэ не было чуваць. З трымценнем, падобным да страху, навуковец зірнуў на твар, што быў асветлены лямпай. Постаць была ў цені, але ён разгледзеў дзіўнае ўсхваляванае аблічча чалавека. Тыя самыя металічна-бліскучыя вочы і трупная скура служкі, з якім ён размаўляў удзень.