Читать «Гронкi гневу (на белорусском языке)» онлайн - страница 309

Джон Стейнбек

З вагона Джоўдаў яшчэ доўга даносiлiся крыкi, i раптам яны сцiхлi.

Бацька сказаў:

- Каб нарадзiла, мяне паклiкалi б. - I хмурна зноў узяўся за рыдлёўку.

Вада каля насыпу клекатала i вiравала. Раптам непадалёк, на рэчцы, крыху вышэй за лагер, пачуўся рыплiвы трэск. Лiхтарык асвятлiў магутную таполю, якая нiзка схiлiлася над рэчкай. Усе кiнулi працу i сталi пазiраць у той бок. Голле таполi апусцiлася ў ваду i выцягнулася па плынi, а вада ўсё падмывала i падмывала яе кароткае карэнне. Таполю паступова выцягнула з зямлi, i яна паволi паплыла ўнiз па цячэннi. Знясiленыя людзi сачылi за ёю, раскрыўшы раты. Дрэва плыло паволi. Раптам адна галiна зачапiлася за корч i не дала дрэву плысцi далей. Цячэнне развярнула яго, i карэнне ўперлася ў свежы насып. Вада ў запрудзе ўвесь час прыбывала, i дрэва зноў паплыло i прабiла зверху насып. У прабоiну рынуўся струмень вады. Бацька кiнуўся наперад i стаў закiдаць зямлёй прабоiну. Запруджаная дрэвам вада пачала падымацца. I неўзабаве насып змыла, i вада хлынула на людзей, залiла iх да шчыкалатак, да каленяў. Людзi не вытрымалi i пабеглi, а вада роўным патокам разлiлася па паляне, пайшла пад вагоны, пад аўтамашыны.

Дзядзька Джон бачыў, як вада прарвала плацiну. У змроку ён разгледзеў гэта. Непасiльны цяжар цела пацягнуў яго ўнiз. Ён павалiўся на каленi i апынуўся па грудзi ў бурлiвай вадзе, якая напiрала на яго.

Бацька ўбачыў, як ён упаў.

- Гэй, Джон! Што з табой? - Ён памог яму падняцца на ногi. - Галава закружылася? Хадзем, вагон высокi.

Да дзядзькi Джона вярнулiся сiлы.

- Сам не ведаю, як гэта здарылася, - сказаў ён выбачлiвым тонам. - Ногi падкасiлiся. Падкасiлiся, i ўсё. - Бацька павёў яго да вагонаў.

Калi плацiну змыла, Эл павярнуўся i пабег. Бегчы было цяжка. Калi ён дабраўся да грузавiка, вада даставала яму да лытак. Ён сарваў брызент з капота i ўскочыў у кабiну. Адразу нацiснуў на кнопку стартэра. Той закруцiўся, але матор не падаў голасу. Эл нацiснуў да канца на газ. Акумулятар усё павальней i павальней круцiў падмоклы стартэр, рухавiк маўчаў. Яшчэ некалькi ўжо зусiм павольных абаротаў стартэра. Эл паставiў запальванне на самае ранняе, намацаў рукой пад сядзеннем завадную ручку i выскачыў з кабiны. Вада ўжо залiвала падножку. Эл падбег да носа машыны. Картэр матора быў пад вадой. Як ашалелы, Эл прыладзiў завадную ручку i некалькi разоў пакруцiў ёю, i пры кожным павароце яго рука, апускаючыся, расплёсквала ваду, якая ўсё прыбывала. I нарэшце шаленства яго выдыхлася. Ён здаўся. Матор залiты вадой, акумулятарная батарэя выйшла са строю... Непадалёк, на крыху вышэйшай мясцiне, запрацавалi маторы дзвюх машын, успыхнулi фары. Машыны буксавалi ў гразi, колы грузлi ўсё глыбей, i нарэшце вадзiцелi выключылi маторы i знерухомелi за рулём, пазiраючы на святло фар. А дождж белымi палоскамi рассякаў iх промнi. Эл не спяшаючыся падышоў да кабiны, працягнуў руку i выключыў запальванне.