Читать «Гронкi гневу (на белорусском языке)» онлайн - страница 308

Джон Стейнбек

- Давядзецца рабiць плацiну. У дачкi маёй схваткi. - Яго акружылi з усiх бакоў.

- Родзiць?

- Ага. Цяпер мы не зможам ехаць.

Высокага росту мужчына сказаў:

- Родзяць не ў нас. Нам ехаць можна.

- Канешне, - сказаў бацька. - Вам можна. Едзьце. Вас нiхто не трымае. Рыдлёвак усяго восем штук.

Ён падбег да самай нiзкай часткi берага i ўсадзiў рыдлёўку ў раскiслую зямлю. Паддзетая штыхом, яна, падымаючыся, чвякнула. Ён капнуў яшчэ раз i кiнуў штых гразi на самае нiзкае месца на беразе. А побач з iм выстраiлiся i iншыя. Яны навальвалi доўгi насып, i тыя, каму рыдлёвак не хапiла, секлi вярбовае вецце, спляталi яго ў маты i ўтоптвалi нагамi ў насып. Ярасць працы, ярасць бiтвы апанавала ўсiх. Кiнутую рыдлёўку падхоплiвалi iншыя. Працавалi, скiнуўшы пiнжакi i капелюшы. Мокрыя кашулi i штаны шчыльна прылiплi да целаў, чаравiкi ператварылiся ў бясформенныя камякi гразi. Раптам з вагона Джоўдаў данёсся пранiзлiвы крык. Мужчыны спынiлiся, трывожна прыслухалiся i зноў узялiся за працу. Невысокi земляны вал даўжэў i нарэшце прымкнуў з двух бакоў да шашэйнага насыпу. Усе стамiлiся, рух рыдлёвак запаволiўся. I таксама павольна падымалася вада ў рэчцы. Яна пакрыла ўжо тое месца, куды былi кiнуты першыя штыхi зямлi. Бацька пераможна засмяяўся.

- Каб не наш вал, рэчка ўжо выйшла б з берагоў! - закрычаў ён.

Вада паволi падступала ўшчыльную да свежага насыпу, вымываючы з яго вярбовыя маты.

- Вышэй! - крыкнуў бацька. - Трэба яшчэ вышэй!

Змерклася, але праца не спынялася. Людзi ўжо зусiм выбiлiся з сiлы. Твары ў iх былi застылыя, змярцвелыя. Рухi сутаргавыя, як у аўтамата. Калi сцямнела, жанчыны паставiлi ў дзвярах лiхтары, выставiлi конаўкi з гарачай кавай, а самi адна за адной беглi да Джоўдавага вагона i працiскалiся ў яго праз вузкую шчылiну.

Цяпер схваткi зачасцiлi, з прамежкамi ў дваццаць хвiлiн. Ружа Сарона ўжо страцiла над сабой уладу. Яна моцна ўскрыквала ад нясцерпнага болю. А суседкi прыходзiлi зiрнуць на яе, гладзiлi яе па валасах i вярталiся ў свае вагоны.

Мацi добра распалiла печку i грэла ваду, налiўшы ва ўсе свае пасудзiны. Раз-пораз у дзверы зазiраў бацька.

- Усё добра? - пытаўся ён.

- Ага, здаецца, добра, - супакойвала яго мацi.

Калi стала зусiм цёмна, нехта прынёс да рэчкi кiшэнны электрычны лiхтарык. Дзядзька Джон шалёна арудаваў рыдлёўкай, кiдаў i кiдаў зямлю на верх насыпу.

- Ты лягчэй, лягчэй, - стрымлiваў яго бацька. - Пагубiш сябе.

- Iначай не магу. Чуць не магу яе крыкаў. Гэта... гэта як тады...

- Разумею, - сказаў бацька. - А ўсё ж такi ты лягчэй.

Дзядзька Джон усхлiпнуў:

- Я ўцяку куды-небудзь. Далiбог, уцяку, калi тут працы не будзе.

Бацька павярнуўся да яго спiнай.

- Як там мая адзнака?

Чалавек з электрычным лiхтарыкам накiраваў прамень на вешку. Дождж белымi палоскамi заблiшчаў на святле.

- Прыбывае.

- Цяпер будзе не так хутка, - сказаў бацька. - На тым беразе разальецца.

- А ўсё ж прыбывае.

Жанчыны зноў налiлi кавы ў конаўкi i паставiлi iх у дзвярах. З кожнай начной гадзiнай рухi людзей рабiлiся ўсё больш маруднымi, людзi з цяжкасцю, як ламавыя конi, выцягвалi ногi з глыбокай гразi. Яшчэ i яшчэ адна рыдлёўка зямлi на насып, яшчэ i яшчэ адзiн мат з вярбовага вецця. А дождж упарта лiў. Калi прамень лiхтарыка падаў на чый-небудзь твар, ён выхоплiваў з цемры ўтаропленыя ў пустату вочы i выступы жаўлакоў на шчоках.