Читать «Гронкi гневу (на белорусском языке)» онлайн - страница 307

Джон Стейнбек

- Я хачу паглядзець, ма. Ну дазволь.

- Руцi! Iдзi зараз жа. Хутчэй! - Калi гавораць такiм тонам, спрачацца не даводзiцца. Руцi i Ўiнфiлд нехаця паплялiся ў другi канец вагона. Мацi запалiла лiхтар. Мiсiс Уэйнрайт прынесла сваю лямпу-"маланку", паставiла яе на падлогу, i круглы язычок полымя ярка асвятлiў вагон. Руцi i Ўiнфiлд прытаiлiся за кучай сухога галля i асцярожна вызiралi адтуль.

- У яе дзiця народзiцца, i мы ўсё ўбачым, - шапнула Руцi Ўiнфiлду. - Ты стой цiха, а то ма не дасць нам глядзець. Калi яна гляне ў наш бок, ты затаiся за суччам. Мы ўсё ўбачым.

- Мала хто з дзяцей гэта бачыў, - сказаў Уiнфiлд.

- З дзяцей нiхто не бачыў, - з гордасцю заявiла Руцi. - Толькi мы ўбачым.

А каля ярка асветленага лямпай матраца мацi раiлася з мiсiс Уэйнрайт. Даводзiлася гаварыць голасна, бо па даху гулка барабанiў дождж. Мiсiс Уэйнрайт выняла з кiшэнi фартуха кухонны сякач i засунула яго пад матрац.

- Можа, i дарэмна гэта, - прабачлiвым тонам сказала яна. - У нас заўсёды так рабiлi. Але шкоды таксама нiякай.

Мацi кiўнула галавой у знак згоды.

- А мы клалi лямеш. Але гэта ўсё роўна, абы востра было, каб схваткi абрэзала. Дай бог, не доўга будзе мучыцца. Ну як, крыху палягчэла?

Ружа Сарона нервова кiўнула галавой.

- Пачынаецца?

- Канешне, - адказала мацi. - Народзiш добрае дзiця. Ты толькi нам памажы. Можаш падняцца i трохi пахадзiць?

- Паспрабую.

- Вось разумнiца, - пахвалiла мiсiс Уэйнрайт. - Ну што за разумнiца! Мы цябе падтрымаем, золатка. Мы з табой паходзiм.

Яны памаглi ёй падняцца i закалолi шпiлькай коўдру, накiнутую на плечы. Потым мацi падхапiла яе пад руку з аднаго боку, а мiсiс Уэйнрайт з другога. Яны падвялi яе да кучы сучча, паволi павярнулi i пайшлi назад, i так некалькi разоў, а дождж моцна барабанiў па даху.

Руцi i Ўiнфiлд нецярплiва сачылi за iмi.

- А калi яна пачне раджаць? - запытаўся Ўiнфiлд.

- Ш-ш!.. А то пачуюць i прагоняць нас.

Да iх далучылася Эгi, стала за суччам. Святло лямпы падала на худы твар i бялявыя валасы Эгi, а на сцяне скакаў цень ад яе галавы з доўгiм вострым носам. Руцi прашаптала:

- Ты калi-небудзь бачыла, як родзiцца дзiцяня?

- А то, - адказала Эгi.

- А хутка ўжо?

- О не, не хутка.

- Усё ж калi?

- Можа, толькi заўтра ранiцай.

- Гэ! - сказала Руцi. - Тады i падглядаць цяпер няма чаго. Ой! Гляньце!

Яна ўбачыла, што жанчыны раптам спынiлiся, Ружа Сарона ўся напялася i застагнала ад болю. Яе паклалi на матрац i выцерлi ёй лоб, а яна толькi пакрэктвала, сцiскаючы рукi ў кулакi. Мацi цiха супакойвала яе:

- Нiчога. Усё будзе добра, будзе добра. Сцiснi рукi. Цяпер губу прыкусi. Вось так, вось так.

Схваткi спынiлiся. Ёй далi крыху паляжаць i зноў паднялi, i ўсе трое сталi хадзiць узад i ўперад, узад i ўперад, перапыняючыся на час схватак.

Бацька прасунуў галаву ў шчылiну дзвярэй. З капелюша збягала вада.

- Чаго гэта вы дзверы засунулi? - запытаўся ён i ўбачыў жанчын, якiя хадзiлi сюды-туды па вагоне.

Мацi сказала:

- Яе час прыйшоў.

- Значыць... хочаш не хочаш застаёмся.

- Ага.

- Значыць, трэба рабiць плацiну.

- Трэба.

Бацька вярнуўся, плюхаючы па гразi, да рэчкi. Вада паднялася па беразе на чатыры цалi вышэй яго вешкi. Каля рэчкi пад дажджом стаялi дваццаць чалавек. Бацька крыкнуў iм: