Читать «Гронкi гневу (на белорусском языке)» онлайн - страница 317

Джон Стейнбек

Хлопчык пайшоў у свой кут, прынёс адтуль брудную ватовую коўдру i падаў яе мацi.

- Дзякуй, - сказала яна. - А што з тым чалавекам?

Хрыплым голасам хлопчык прагаварыў на адной ноце:

- Спачатку ён хварэў... а цяпер памiрае з голаду.

- Што?

- З голаду памiрае. Захварэў на зборы бавоўны. Шэсць ужо дзён нiчога не еў.

Мацi пайшла ў кут адрыны i паглядзела на чалавека, якi там ляжаў. Яму было гадоў пяцьдзесят. Зарослы шчацiннем худы, нiбы абцягнуты скурай твар, адсутны, застылы погляд шырока расплюшчаных вачэй. Хлопчык стаў побач з ёю.

- Твой тата? - запыталася мацi.

- Ага.. То казаў, есцi не хочацца, то - толькi што паеў. Усё мне аддаваў. А цяпер зусiм аслабеў. Варухнуцца не можа.

Стукат дажджу па даху цяпер перайшоў у супакойлiвае шастанне. На высахлым твары чалавека варухнулiся губы. Мацi апусцiлася каля яго на каленi i падставiла яму вуха. Яго губы зноў варухнулiся.

- Ага, так, так, - сказала мацi. - Вы не трывожцеся. З iм усё будзе добра. Пачакайце, я толькi знiму мокрую сукенку з дачкi.

Мацi вярнулася да Ружы Сарона.

- Скiдай усё, - загадала яна i загарадзiла яе падшыванай коўдрай. Ружа Сарона зняла з сябе ўсё, i мацi абкруцiла яе коўдрай.

Хлопчык зноў падышоў да мацi.

- Я нiчога не ведаў. Ён гаварыў, што паеў цi што есцi не хоча. Учора позна вечарам я пайшоў, разбiў акно i ўкраў хлеба. Даў яму трохi пажаваць. А яго вырвала, i пасля гэтага ён яшчэ больш аслабеў. Яму каб супу цi малака. У вас няма грошай на малако?

Мацi сказала:

- Ты памаўчы, хлопчык. Супакойся. Што-небудзь прыдумаем.

Хлопчык закрычаў:

- Ён памiрае, я ж кажу вам! Я кажу вам, ён з голаду памiрае.

- Памаўчы, - паўтарыла мацi i паглядзела на бацьку i дзядзьку Джона, якiя разгублена i бездапаможна пазiралi на нямоглага. Матчыны вочы на момант сустрэлiся з вачамi дачкi, потым зноў iх позiркi сышлiся. I абедзве жанчыны глыбока зазiрнулi ў душу адна адной. Ружа Сарона дыхала цяжка, перарывiста. Яна сказала:

- Добра.

Мацi ўсмiхнулася:

- Я так i ведала. Я ведала! - Яна апусцiла галаву i ўтаропiлася на свае моцна сашчэпленыя на каленях рукi.

Ружа Сарона прашаптала:

- Вы... усе вы... выйдзеце?

Дождж цяпер бiў па даху з мяккiм шапатлiвым шумам.

Мацi падалася наперад i далонню адкiнула зблытаныя валасы з iлба дачкi i пацалавала яе ў лоб, потым рашуча ўстала.

- Пойдзем адсюль усе, - сказала яна. - Пойдзем усе ў павець.

Руцi раскрыла рот, каб нешта сказаць.

- Маўчы, - загадала мацi. - Маўчы i iдзi. - Яна прапусцiла ўсiх мiма сябе, павяла з сабой хлопчыка i зачынiла рыплiвыя дзверы.

З хвiлiну Ружа Сарона нерухома сядзела ў шапатлiвай адрыне. Потым цяжка падняла сваё стомленае цела i захуталася ў коўдру. Яна марудна прайшла ў кут i спынiлася, пазiраючы на змарнелы твар, на шырока расплюшчаныя спалоханыя вочы чалавека. Потым паволi лягла каля яго. Ён слаба пакруцiў галавой. Ружа Сарона адкiнула край коўдры i агалiла грудзi.

- Так трэба, - сказала яна, прыцiснулася да яго i прыгарнула яго галаву да грудзей. - Ну вось... - прамовiла яна, - вось так... - Рука яе прасунулася яму за галаву, падтрымлiваючы яе. Пальцы ласкава гладзiлi яго валасы. Яна падняла вочы, скiравала позiрк у глыбiню адрыны, губы яе стулiлiся i застылi ў таямнiчай усмешцы.