Читать «Гронкi гневу (на белорусском языке)» онлайн - страница 306

Джон Стейнбек

- Тут працы шмат, а вада, можа, усё роўна перальецца, - не згаджаўся Ўэйнрайт.

- Чаму ж не папрацаваць, усё роўна сядзiм склаўшы рукi. А такога добрага прыстанiшча больш нiдзе цяпер не знойдзем. Пайшлi. Пагаворым з суседзямi. Калi ўсе возьмемся, справiмся.

Эл сказаў:

- Калi Эгi паедзе, я з ёю.

- Паслухай, Эл, - сказаў бацька. - Калi нiхто не згодзiцца, усiм давядзецца ехаць. Ну, пайшлi пагаворым. - Яны ўцягнулi галовы ў плечы i хуценька спусцiлiся па сходках, падышлi да суседняга вагона i паднялiся да адчыненых дзвярэй.

Мацi сядзела каля печкi, падкладаючы сучча ў слабы агонь. Падышла Руцi, прыцiснулася да яе.

- Хачу есцi, - заныла Руцi.

- Ты не галодная, - сказала мацi. - Толькi што добра паела кашы.

- Я хачу яшчэ такога печыва. Гуляць нi ў што нельга. Мне сумна.

- Хутка будзе весела, - сказала мацi. - Пачакай крышку. Цяпер ужо зусiм хутка. У нас будзе домiк i ферма, ужо хутка.

- Я хачу сабаку.

- Будзе ў нас i сабака i кошка.

- Рыжая?

- Не прыставай, - узмалiлася мацi. - Перастань мяне мучыць, Руцi. Бачыш, Разашарна хворая. Пасядзi смiрна хоць хвiлiнку. Хутка зноў будзе весела.

Руцi нездаволена адышла ад яе.

З таго кута, дзе на матрацы ляжала ўхутаная ў коўдры Ружа Сарона, данёсся рэзкi крык, якi раптоўна абарваўся. Мацi ўскочыла i падышла да яе. Ружа Сарона стаiла дыханне, у вачах у яе стаяў жах.

- Што з табой? - трывожна запыталася мацi. Ружа Сарона перадыхнула i зноў стрымала дыханне. Мацi раптоўна засунула руку пад коўдры i выпрасталася. Мiсiс Уэйнрайт! - крыкнула яна. - Даражэнькая мiсiс Уэйнрайт!

Маленькая тоўстая жанчына пайшла па вагоне да iх.

- Вы клiкалi?

- Гляньце! - Мацi паказала на твар дачкi. Ружа Сарона прыкусiла нiжнюю губу, на лбе ў яе выступiлi кропелькi поту, вочы блiшчалi ад жаху.

- Вiдаць, пачынаецца, - сказала мацi. - Раней часу.

Ружа Сарона глыбока ўздыхнула i расслабiлася. Яна расцiснула зубы i заплюшчыла вочы. Мiсiс Уэйнрайт нахiлiлася над ёю.

- Цябе ўсю схапiла - адразу? Глядзi на мяне, адказвай. - Ружа Сарона квола кiўнула галавой. Мiсiс Уэйнрайт павярнулася да мацi. - Так i ёсць, - сказала яна. - Пачалося. Раней часу, кажаце?

- Можа, гэта ад гарачкi.

- Ёй трэба ўстаць. Няхай трохi паходзiць.

- Яна не зможа. У яе сiлы няма.

- Але ж трэба, трэба. - Мiсiс Уэйнрайт паспакайнела, трымалася строга i дзелавiта. - Я не ў адной прыняла, - сказала яна. - Ну так, давайце прыкрыем дзверы. Каб не было скразняку. - Абедзве жанчыны налеглi на цяжкiя дзверы i засунулi iх, пакiнуўшы нешырокую шчылiну. - Зараз прынясу i нашу лямпу, сказала мiсiс Уэйнрайт. Твар у яе гарэў ад узбуджэння. - Эгi! - крыкнула яна. - Адвядзi адсюль малых, займiся iмi.

Мацi згодна кiўнула галавой.

- Правiльна. Руцi! Пайдзiце з Уiнфiлдам да Эгi. Ну, хуценька!

- А чаму? - запыталiся дзецi.

- Таму што так трэба. У Разашарны будзе дзiця.