Читать «Гронкi гневу (на белорусском языке)» онлайн - страница 304

Джон Стейнбек

Ашалелыя людзi калацiлi ў дзверы лекараў; але лекары заўсёды занятыя, несвабодныя. I прыгнечаныя горам людзi iшлi ў пасялковыя крамы i прасiлi перадаць следчаму па справах аб смерцi - коранеру, каб ён прыслаў машыну. А ў коранераў часу хоць адбаўляй. I закрытыя машыны задам пад'язджалi па гразi куды трэба, бралi нябожчыкаў i адвозiлi.

А дождж настырна сек i сек, i рэчкi выходзiлi з берагоў i затаплялi палi.

У людзей, што набiлiся ў адрыны, у людзей, што ляжалi на прамоклым сене, голад i страх параджалi азлабленне. Падлеткi разбрыдалiся па наваколлi, але не жабраваць, а красцi; i мужчыны нясмела разбрыдалiся - паспрабаваць што-небудзь украсцi.

Шэрыфы набiралi новых памагатых, пасылалi заказы на новыя стрэльбы; а забяспечаныя людзi, якiя жылi пад добрымi, надзейнымi дахамi, прасяклiся спачатку жалем да перасяленцаў, потым агiдай да iх i пад канец нянавiсцю.

У адрынах з дзiравымi дахамi, на мокрым сене, жанчыны, задыхаючыся ад запалення лёгкiх, нараджалi дзяцей. А старыя, скурчыўшыся, валялiся ў закутках i памiралi там, i коранеры не маглi потым распрамiць iх скарчанелыя целы. Па начах апанаваныя роспаччу людзi забiралiся ў куратнiкi i выкрадалi курэй, якiя нема кудахталi. Калi ў гэтых людзей стралялi, яны не кiдалiся бегчы, а змрочна плюхалi па вадзе далей, i калi куля трапляла ў iх, яны стомлена валiлiся ў гразь.

Дождж сцiх. Палi былi залiтыя вадой, у якой адбiвалася шэрае неба, i ўсё наваколле поўнiлася цiхiм, як шэпт, плёскатам. Мужчыны выйшлi з адрын, з павецяў. Яны прыселi на кукiшкi, пазiраючы на затопленыя палi. I маўчалi. Толькi зрэдку цiха перамаўлялiся мiж сабой. Працы не будзе да вясны. Нiякай. А не будзе працы - не будзе нi грошай, нi ежы. Вось ёсць у чалавека конi, ён на iх арэ, i барануе, i косiць, а калi яны стаяць без справы, яму i ў голаў не прыйдзе выганяць iх на галодную смерць. Тое конi, а мы - людзi.

Жанчыны не спускалi вачэй з мужчын, хацелi выведаць, зламалiся яны цi не. Жанчыны стаялi моўчкi i сачылi за мужчынамi. I там, дзе мужчыны збiралiся купкамi па некалькi чалавек, страх пакiдаў iхнiя твары, уступаючы месца злосцi. I жанчыны ўздыхалi з палёгкай, бо ведалi, што цяпер ужо не страшна, мужчыны не зламалiся i нiколi не зломяцца, пакуль страх можа перарасцi ў гнеў.

Маленечкiя стрэлкi травы выбiвалiся з зямлi, i праз некалькi дзён схiлы ўзгоркаў бледнай зеленню адзначылi наблiжэнне наступнага года.

РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАТЫ

Лагер вакол таварных вагонаў патанаў у лужынах, а дождж усё плюхаў i плюхаў па гразi. Рэчка спакваля падымалася па беразе, падбiраючыся да паляны.

На другi дзень пасля пачатку дажджу Эл зняў брызент, якi вiсеў пасярод вагона. Ён панёс яго да грузавiка, прыкрыў iм капот, вярнуўся ў вагон i сеў на матрац. Цяпер, калi не стала брызентавай перагародкi, абедзве сям'i з'ядналiся. Мужчыны сядзелi разам, змрочныя, прыгнечаныя. Мацi падтрымлiвала невялiкi агонь у печцы, зрэдку падкiдваючы галiнкi, - яна берагла палiва. Патокi дажджу залiвалi амаль зусiм плоскi дах вагона.