Читать «Гронкi гневу (на белорусском языке)» онлайн - страница 303

Джон Стейнбек

Калi дождж толькi пачаўся, вандроўнiкi-перасяленцы згрудзiлiся ў палатках i, седзячы там, гаварылi: гэта ненадоўга. I пыталiся: колькi ж гэта будзе доўжыцца?

А калi заблiшчалi лужыны, мужчыны выйшлi пад дождж з рыдлёўкамi i насыпалi вакол палатак невялiкiя дамбы. Дождж сек па брызенце i нарэшце прамачыў яго наскрозь, i струменьчыкi вады пабеглi з унутранага боку. Потым земляныя валы змыла, вада прарвалася ў палаткi i намачыла матрацы i коўдры. Адзежа на людзях была мокрая. Тады паставiлi скрынi адна на адну i паклалi мiж iмi дошкi. На гэтых дошках людзi сядзелi дзень i ноч.

Каля палатак стаялi старэнькiя машыны, i вада папсавала правады ад магнета, вывела са строю карбюратары. Маленькiя шэрыя палаткi стаялi ў азёрах вады. I нарэшце людзi зразумелi: трэба выбiрацца адсюль. Але маторы не заводзiлiся, бо замкнулiся правады, а тыя машыны, у якiх маторы яшчэ працавалi, заселi коламi ў глыбокай гразi. I людзi пайшлi прэч па вадзе, несучы ў абярэмку мокрыя коўдры. Яны iшлi, плюхаючы па гразi, i неслi на руках дзяцей i драхлых старых. I калi дзе на высокiм месцы стаяла якая адрына, яна была набiтая людзьмi, азяблымi i поўнымi адчаю.

Некаторыя iшлi ў камiсii па выдачы дапамогi i сумныя вярталiся з горада да сваiх.

Тут правiла такое: каб атрымаць дапамогу, трэба пражыць у гэтым штаце не меней як год. Кажуць, урад збiраецца дапамагчы. А калi, невядома.

I непрыкметна да iх падкралася самае жахлiвае, што можна сабе ўявiць.

Цэлыя тры месяцы працы не будзе нiякай.

Людзi сядзелi пад павецямi, у адрынах, збiўшыся ў кучу; на iх насоўваўся жах, i твары ў iх пашарэлi ад яго прадчування. Галодныя дзецi плакалi, а кармiць iх не было чым.

Потым прыйшлi хваробы - запаленне лёгкiх i адзёр з ускладненнямi на вочы i на вушы.

А дождж iшоў не перастаючы, i вада залiвала шашэйныя дарогi, бо маставыя трубы ўжо не паспявалi прапускаць яе.

I тады з палатак, з перапоўненых адрын сталi выходзiць прамоклыя да касцей людзi ў рванай адзежы, у разлезлых, аблепленых граззю чаравiках. Яны iшлi, плюхаючы па вадзе, у гарады, у пасялковыя крамы, у камiсii па дапамозе - iшлi вымольваць харч, вымольваць грашовую дапамогу, красцi, як выпадзе шанц, i iлгаць. Ад гэтых мольбаў, ад гэтых прынiжэнняў у сэрцах у iх затлела бяссiльнае абурэнне. I ў маленькiх гарадках жаль да прамоклых наскрозь людзей змянiўся злосцю, а злосць на гэтых галодных уступiла месца страху перад iмi. Шэрыфы прыводзiлi да прысягi свой штат - так званых шэрыфскiх памагатых, спешна рассылалi заказы на стрэльбы, на газ i на боепрыпасы. А галодныя тоўпiлiся на заднiх дварах бакалейных крам i прасiлi хлеба, прасiлi гнiлой гароднiны i пры выпадку кралi.