Читать «Легенда аб бедным д"ябле і адвакатах Сатаны» онлайн - страница 9
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Непаразумелы Рагач глядзіць на яго і, урэшце, разумее…
…Чалавек есць траву.
"Голад, — штурханулася ў галаве Рагача кароткае слова. — А казалі "цвіце". Разведка, халера на іх! Дэзінфарматары!.."
Ён сядае і глядзіць на паміраючага.
"Дапамагчы? — думае ён. — Чым? Ды і нельга. Павінен жа я быць д'яблам".
А з двара ўсё яшчэ ляціць выццё, у якім няма ўжо нічога чалавечага.
А потым цiша.
Рагач устае, спускаецца з узгорка і заходзіць у двор.
Прайшоўшы паўз труп, Рагач уваходзіць у хату.
__________
Унутры цёмна. Бычыны пузыр у вокнах ледзь прапускае святло ў хату. Комін печкі пашыраецца, як звон. Пад ім ачаг, некалькі зэдлікаў, пралка.
Пустая міса на стале.
Рагач шарахаецца ўбок, заўважыўшы на іконе ў покуці вялізныя белыя вочы. Ён зусім было кінуўся наўцёкі, але тут чуе ў кутку слабы стогн. Падыходзіць, запальвае трут.
На нізкім ложку, у рыззі, ляжыць, накрытая кажухом, дзяўчына. Рагач углядаецца. Ахае.
Дзяўчына — тая самая, якая з'явілася на экране дзякуючы памылцы мантажора ў пекле.
Яна непрытомная. Падталае аблічча. Вялізныя вачаніцы. Рагач глядзіць і глядзіць на яе.
Заляпаў за акном белы сцяг.
І тады Рагач, страпянуўшыся, асцярожна бярэ дзяўчыну на рукі і нясае да выхаду.
…Праносіць паўз мёртвага… Выносіць на вуліцу… Нясе па сяле, і сцягі ляскаюць яму ў спіну… Настойлівей… Грамчэй… Нясцерпна. Рагач кідаецца бегчы… Роў сцягаў за яго спіной.
За вёскай ён супакойваецца. Стаў на кургане, амаль зроўненым з зямлёю. Глядзіць на твар дзяўчыны.
__________
Два чалавекі ідуць палявой дарогай. Апрануты ў звычайныя белыя світкі, у сялянскія белыя магеркі. Толькі ў абаіх за пояс заторкнутыя бязмены. Гэта браты Ян і Антон Шыбні.
З-за ўзгорка далятае гук рога. Яны насцеражыліся. Зварацілі з дарогі і заляглі ў хмызах. Ляжаць.
— Ты яшчэ не ведаеш, што тут робіцца, брат Антон, — кажа Ян. — Толькі і выхадзі з бязменам на дарогу.
— А што?
— За два месяцы тройчы збіралі падатак. Яноўцы там, за ўзгоркам, збунтаваліся. У іх адабралі ўсё і паставілі вакол сяла варту, пакуль усе не пазбавіліся магчымасці хадзіць. У астатніх вёсках забаранілі паляваць і лавіць рыбу.
— Гэта нашто?
— Зберагалі зверыну для палявання каралевы… З-за вайны забаранілі бадзяцца па дарогах. І вось вымерла Яноўка, вымерлі Радзевічы, вымер Сіні Млын, вымерлі Пнюхі, Міхайлаўка, Жытавічы. Вымерлі…
— Досыць. Бачу сам. Белы сцяг на кожнай хаце.
— Даколе цярпець, Божа?.. А ты як уцёк з войска, Антон?
— Абрыдла. Ад цецівы лука баліць левая рука. Усялякая сволач лаецца.
— Ціха. Маўчы.
Яны змаўкаюць. На дарозе нарастае пошчак капытоў.
…Шалёным намётам праімчаліся паўз Шыбняў некалькі коннікаў у паляўнічых касцюмах: гэта іх кліча рог за ўзгоркам.
— У, сволачы, — Ян сціснуў зубы. — Нарумяненыя, як кастраты, разубраныя, як непатрэбныя дзеўкі… Будзьце вы праклятыя!
Коннікі зніклі за гарбом.
__________
Рагач усё яшчэ стаіць на кургане з дзяўчынай на руках. Усё больш правісае яе галава, усё слабейшыя подыхі. І тады Рагач, спалохана здрыгануўшыся, шэпча:
— Сённяшні цуд… Няхай яна не памрэ. Няхай зробіцца сытай.